БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ

(Invertebrata),

шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—3. 2 нзд. М., 1987—89;

Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;

Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ. М., 1992.

А.Р.Александровіч.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)