БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж. нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс. га (1994), у тым ліку абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс. га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в. Камянюкі Камянецкага р-на.
т. 2, с. 380
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
Камянецкае вадасховішча, Перавалоцкае вадасховішча, у Беларусі, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці на р. Перавалока (за 12 км ад вусця), на тэр. Белавежскай пушчы. За 25 км на Пд ад г. Камянец, каля в. Ляцкія. Створана ў 1964. Пл. 3,32 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 1,5 км, глыб. 1,95 м. Выкарыстоўваецца для развядзення дзікай вадаплаўнай птушкі і рыбы.
т. 2, с. 380
БЕЛАВЕ́ЖСКА-ГА́ЙНАЎСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫХ ЗАВО́ДАЎ 1932 у Заходняй Беларусі. Адбылася 3.2—2.4.1932 пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкома КПЗБ і забастовачнага к-та. Удзельнічала каля 2,2 тыс. чал. Рабочыя Гайнаўкі патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце 2 незаконна звольненых лесарубаў. Да іх далучыліся рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Адміністрацыя заводаў павысіла зарплату на 15%, аднавіла на рабоце звольненых. Калі прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, забастоўка аднавілася. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага к-та рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы. Паліцыя адкрыла агонь, 1 рабочы быў забіты, 8 паранены. Пахаванне забітага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі забаставалі рабочыя лесапільных з-даў Белавежы і Чэрлядзі. Пад іх націскам арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
І.В.Палуян.
т. 2, с. 379
БЕЛАВЕ́ЖСКІ,
пасёлак у Беларусі, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на З ад Камянца, 50 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 2200 ж., 628 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі.
т. 2, с. 380
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б. СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Я.Р.Гарэлік.
т. 2, с. 381
БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,
у Польшчы, ва ўсх. ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у тым ліку пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у тым ліку бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у тым ліку ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.
Т.А.Сабалеўская.
т. 2, с. 380
«БЕЛА́ВІЯ»,
гл. Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі.
т. 2, с. 381
БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц
(Aythya nyroca),
птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд. ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.
Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.
т. 2, с. 381
БЕЛАВО́ЧКА,
сапа (Abramis sapa), рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.
Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.
т. 2, с. 381
БЕЛАВУ́САВА Галіна Аляксандраўна
(н. 16.7.1950, Маскаленскі р-н Омскай вобл., Расія),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1971). Да 1992 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі. З 1994 маст. кіраўнік эстрадна-харэагр. групы «Фіеста» Дзярж. аб’яднання «Белканцэрт».
т. 2, с. 381