БЕЛАВО́ЧКА,
сапа (Abramis sapa), рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.
Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.
т. 2, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)