БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове берылію. Найб. пашыраны сплавы з алюмініем, магніем, меддзю (берыліевыя бронзы). Адметныя высокай трываласцю, жорсткасцю да т-р 600—800 °C, цеплаёмістасцю, эл. праводнасцю і каразійнай устойлівасцю. Асн. недахоп — малая пластычнасць пры пакаёвай і крыягенных т-рах. Вырабы з берыліевых сплаваў атрымліваюць пераважна метадамі парашковай металургіі, радзей ліццём. Выкарыстоўваюцца ў ядз. энергетыцы, касманаўтыцы, авія- і суднабудаванні.
т. 3, с. 124
БЕРЫЛІЗА́ЦЫЯ,
тэхналагічны працэс насычэння паверхні сталі ці сплаваў (пераважна гарачатрывалых) берыліем. Надае паверхні больш высокую цвёрдасць, гарачатрываласць пры т-рах 800—1000 °C, каразійную ўстойлівасць. Праводзяць у парашкападобных сумесях ці ў газавым асяроддзі.
т. 3, с. 125
БЕРЫ́ЛІЙ
(лац. Beryllium),
Ве, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6·10-4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста- шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445·103 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
т. 3, с. 125
БЕРЫ́ЛІЮ АКСІ́Д,
хімічнае злучэнне берылію з кіслародам, BeO. Бясколерныя крышталі, tпл 2580 °C; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў кіслотах і шчолачах. У прыродзе мінерал брамеліт. Выкарыстоўваецца як запавольнік і адбівальнік нейтронаў, матэрыял для абалонак цвэлаў і паліўных каналаў у ядз. рэактарах, гарачатрывалы і хімічна ўстойлівы матэрыял для спец. Керамікі.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫНГ
(Bering) Вітус Іонасен (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫНГ
(Behring) Эміль Адольф фон (15.3.1854, Гансдорф, цяпер у Эльблонгскім ваяв., Польшча — 31.3.1917),
нямецкі мікрабіёлаг, бактэрыёлаг, імунолаг. Праф. (1894). Скончыў Берлінскі ун-т (1880). З 1889 у Ін-це гігіены ў Берліне, з 1894 ва ун-це ў г. Гале, з 1895 дырэктар Ін-та эксперым. тэрапіі ў г. Марбург. Навук. працы па імунізацыі жывёл і чалавека супраць інфекц. хвароб. Прапанаваў проціслупняковую (1890) і процідыфтэрыйную (адначасова з франц. мікрабіёлагам Э.Ру, 1901) антытаксічныя сывараткі, распрацаваў спосаб імунізацыі супраць дыфтэрыі. Першая Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1901.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫНГАЎ ПРАЛІ́Ў,
паміж Азіяй (Чукоцкі п-аў) і Паўн. Амерыкай (штат Аляска). Злучае Паўн. Ледавіты ак. (Чукоцкае м.) з Ціхім ак. (Берынгава м.). Даўж. 60 км, шыр. 35—86 км, найменшая глыб. на фарватэры 42 м. Па праліве (паміж а-вамі Дыяміда) умоўна праходзіць лінія перамены дат. Упершыню пройдзены С.І.Дзяжнёвым у 1648, потым рус. экспедыцыяй В.Берынга ў 1728, названы ў яго гонар.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫНГА ВО́СТРАЎ,
у групе Камандорскіх а-воў у Берынгавым моры, тэр. Расіі. Пл. 1,7 тыс. км². Выш. да 751 м. Пераважае тундравая расліннасць, па далінах — лугі, зараснікі каменнай і хмызняковай бярозы. Лежбішчы марскіх коцікаў, сівучоў. На востраве ў 1741 памёр В.Берынг.
т. 3, с. 125
БЕ́РЫО
(Berio) Лучана (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.Ф.Гедыні, у Л.Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. Ансамблі.
т. 3, с. 125