БЕРЫ́ЛІЙ
(лац. Beryllium),
Ве, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6·10-4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста- шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445·103 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)