БЕРНЕ́С Марк Навумавіч
(8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),
рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.Калманоўскага, «Жураўлі» Я.Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 120
БЕ́РНІ
(Berni) Антоніо (14.5.1905, г. Расарыо, Аргенціна — 1981),
аргенцінскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай школы, т.зв. «новага рэалізму» ў 1930-я г. Зрабіў шэраг размалёвак у Буэнас-Айрэсе і Нью-Йорку (з Д.Сікейрасам, Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга і інш.) на тэмы жыцця і гісторыі аргенцінскага народа. У карціне «Поўнач над светам» пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў вобраз нар. мужнасці і жалобы.
т. 3, с. 120
БЕ́РНІК Васіль Іванавіч
(н. 9.1.1947, в. Слабада-Пырашаўская Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1992). Скончыў БДУ (1970). З 1970 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі лікаў. Распрацаваў новы метад ацэнак размернасці Гаўсдорфа мностваў рэчаісных і камплексных лікаў з зададзенай мерай трансцэндэнтнасці.
Тв.:
Диофантовы приближения и размерность Хаусдорфа. Мн., 1988 (разам з Ю.У.Мельнічуком).
т. 3, с. 120
БЕРНІ́НА
(Bernina),
самы высокі горны масіў ва Усх. Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. да 4049 м (пік Берніна). Складзены з крышт. парод. Вечныя снягі, ледавікі.
т. 3, с. 121
БЕРНІ́НІ
(Bernini) Джавані (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),
італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.
Літ.:
Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр. М., 1965.
т. 3, с. 121
БЕ́РНСАН,
Берэнсан (Berenson) Бернард (26.6.1865, Вільня — 17.10.1959), амерыканскі гісторык мастацтва. Скончыў Гарвардскі ун-т (1887). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры, шэрагу еўрап. акадэмій. З 1900 жыў у Італіі. Правёў вял. работу па атрыбуцыі карцін і малюнкаў італьян. мастакоў, вызначыў стылістычныя асаблівасці розных школ італьян. Адраджэння і творчасці многіх мастакоў. Асн. работа — «Жывапісцы італьянскага Адраджэння» (1952; рус. пер. 1965).
т. 3, с. 121
БЕ́РНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Віцебскім р-не, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,15 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 1,98 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Схілы катлавіны — марэнныя ўзгоркі і озы. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі задзернаваныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 3 м глініста-глеістае. Упадае і выцякае ручай.
т. 3, с. 121
БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л. С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн. чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
т. 3, с. 121
БЕ́РНСТАЙН
(Bernstein) Леанард (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),
амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.
т. 3, с. 121
БЕРНУ́ЛІ
(Bernoulli),
сям’я швейц. вучоных 17—18 ст.
Якаб Бернулі (27.12.1654, г. Базель, Швейцарыя — 16.8.1705), матэматык. Праф. Базельскага ун-та (1687). Развіў метады злічэння бесканечна малых Г.Лейбніца; у тэорыі імавернасцяў даказаў самы просты выпадак закону вял. лікаў (тэарэма Бернулі); разам з братам Іаганам заклаў асновы варыяцыйнага злічэння. Іаган Бернулі (27.7.1667, Базель — 1.1.1748), матэматык. Праф. Гронінгенскага (1695) і Базельскага (1705) ун-таў. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1725). Працы па злічэнні бесканечна малых і варыяцыйным злічэнні.
Данііл Бернулі (29.1.1700, г. Гронінген, Нідэрланды — 17.3.1782), механік і матэматык. Сын Іагана. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1733), дзе працаваў у 1725—33, чл. Балонскай (1724), Берлінскай (1747), Парыжскай (1748) АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1750). Працы па фізіялогіі, медыцыне, матэматыцы і механіцы. Распрацаваў метад лікавага рашэння алг. ураўненняў з дапамогай зваротных шэрагаў, вывеў асн. ўраўненне стацыянарнага руху ідэальнай вадкасці (Бернулі ўраўненне), працаваў над кінетычнай тэорыяй газаў.
Якаб Бернулі (17.10.1759, Базель — 3.7.1789), механік. Унук Іагана. Акад. Пецярбургскай АН (1787). Асн. працы па дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, механіцы, муз. акустыцы.
Літ.: Никифоровский В.А. Великие математики Бернулли. М., 1984.
т. 3, с. 121