Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУРА́,

рака ў Свярдлоўскай і Цюменскай абл. Расіі, левы прыток р. Табол (бас. р. Об). Даўж. 1030 км, пл. бас. 80,4 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Салда, Тагіл, Ніца, Пышма (справа). Ледастаў з канца кастр.—ліст. да крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Цюмень 181 м³/с. У бас. Т. каля 1,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 635 км ад вусця. 3 вадасховішчы. На Т. — гарады Верхняя Тура, Ніжняя Тура, Верхатур’е, Турынск, Цюмень.

т. 16, с. 34

ТУРА́,

гарадскі пасёлак, цэнтр Эвенкійскай аўт. акругі, у Расіі. На р. Качачум каля яе ўпадзення ў р. Ніжняя Тунгуска. Каля 6 тыс. ж. (2001). Рачны порт. Аэрапорт. Горназдабыўное прадпрыемства «Шпат», леспрамгас, цагельны з-д. Апорны пункт НДІ сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. Краязнаўчы музей.

т. 16, с. 34

ТУ́РАВА-МАЗЫ́РСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Жыткавіцкім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Столінскім р-нах. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, паліхромнасць і маляўнічасць вышыўкі гладдзю. Жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, 2 фартухі, гарсэт (кабат), намітка, кашуля, андарак або спадніца, фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі або з гесткай са стаячым ці адкладным каўняром. Буйнарапортны арнамент вышыўкі крыжыкам у чорна-чырвоным каларыце кампанаваўся ў выглядзе папярочнай паласы ў верхняй частцы рукава (радзей на грудзях), асобнымі рапортамі размяшчаўся ў шахматным парадку пасярэдзіне рукава. У кашулях з гесткай арнамент часцей вышывалі гладдзю і кампанавалі ўздоўж лініі крою. Пераважалі раслінныя матывы — кветкі і лісце руж, ягады і лісце каліны, кветкі вяргіні, шыпшыны; сустракаліся стылізаваныя выявы птушак, геаметрычныя ўзоры. Фартухі-крыскі шылі з адной полкі андарачнай суконнай тканіны з гарызантальнымі вохрыста-чырвона-чорнымі паскамі (на падоле ўзорысты шляк ткалі ў закладной тэхніцы). Белыя фартухі шылі з 1—2 полак палатна ці паркалю, аздаблялі вышыўкай гладдзю, карункамі, фальбонкамі. Андаракі найчасцей чырвона-малінавыя, затканыя чырвонымі падоўжнымі бела-вохрыстымі палоскамі, або клятчастыя ці гладкафарбаваныя чырвоныя, зялёныя, блакітныя. Спадніцы шылі з цёмна-сіняга, блакітнага, чорнага саціну, саржы, шоўку, шарсцянкі, каля падола аздаблялі 2—3 шлякамі нашывак пярэстых тасёмак, белых карункаў; прасавалі ў складкі. Гарсэты кроілі накшталт кароткага ліфа з серабрыстай або залацістай парчы, набіванага саціну, паркалю, шоўку, шарсцянкі (спераду паміж гарсэтам і поясам фартуха ўтваралася фальбона — напуск кашулі). На грудзях гарсэт аздаблялі нашыўкамі паскаў разнаколерных тканін, карункавых тасёмак. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец, хустка — белая даматканая льняная ці паркалёвая, багата аздобленая гладдзю паліхромнага расліннага ўзору, махрамі, і фабрычная чырвоная, сіняя, чорная. Мужчынская кашуля была тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай (арнамент геаметрычны, раслінны), падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, сукна. Вопратку — казачыну, світку, кажух — аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з сукна ці саціну, фалдаваннем, вышыўкай, штапам.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Турава-мазырскі строй. Касцюм дзяўчынкі. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна.
Да арт. Турава-мазырскі строй. Дзяўчаты ў святочным адзенні. Вёска Ленін Жыткавіцкага раёна. Сярэдзіна 20 ст.

т. 16, с. 34

ТУ́РАВА-ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

гл. ў арт. Тураўскае княства, Пінскае княства.

т. 16, с. 34

ТУРАВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА, Туроўе,

возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,38 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 4,7 м, даўж. берагавой лініі 3,9 км, пл. вадазбору 131 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м, на З да 11 м, стромкія, пад лесам. Пойма шыр. 25—250 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнУ і З забалочаныя, на У і ПдУ пад лесам. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Уздоўж берагоў шыр. паласы надводнай расліннасці 20—60 м. Праз возера цячэ р. Клевель (злучае з азёрамі Белае і Залаўскае).

т. 16, с. 34

ТУРАНКО́Ў Аляксей Яўлампавіч (21.1.1886, С.-Пецярбург — 27.9.1958),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—14, клас А.​Лядава і М.​Сакалова). З 1918 у Гомелі, адзін з арганізатараў і педагог муз. школы, кіраўнік самадз. харавых гурткоў, артыст гарадскога сімф. аркестра, заг. муз. секцыі аддз. нар. асветы. З 1934 у Мінску. Адзін з заснавальнікаў масавай песні, хору і рамансаў у бел. музыцы. Асаблівае значэнне ў яго творчасці мае опера «Кветка шчасця» (лібрэта В.​Барысевіч, П.​Броўкі і П.​Глебкі, паст. 1940), якая вылучаецца паэтычнасцю, лірызмам, сувяззю з нац. муз. фальклорам, дакладнасцю муз. характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасціпным нар. гумарам. Сярод інш. твораў: опера «Яснае світанне» (паст. 1958, у новай муз. рэд. Г.​Вагнера 1963); балет для дзяцей «Лясная казка» (1952); для сімф. арк. «Беларуская сюіта» ў 4 ч., «Беларуская фантазія» (абедзве 1933), «Піянерская сюіта» (1955); кантата «Пушкіну» для салістаў, хору і сімф. арк., 2 стр. квартэты, «Рапсодыя» для стр. квартэта, фп. трыо, п’есы для фп. і розных інструментаў; хары, рамансы на вершы А.​Пушкіна, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча; вак. трыо, дуэты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Дз.​М.​Жураўлёў.

А.Я.Туранкоў.

т. 16, с. 35

ТУРАНКО́Ў Мікалай Ісакавіч (8.8.1922, в. Асобіна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 12.3.1998),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-р біял. н. (1982). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1949). З 1949 у Ін-це сельскай гаспадаркі АН Беларусі. З 1960 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1975 заг. лабараторыі). Навук. працы па генезісе глеб, іх ахове, водным рэжыме, глебаўтварэнні і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974 (у сааўт.);

Подзолистые почвы запада Европейской части СССР. М., 1977 (у сааўт.);

Палево-подзолистые почвы Белоруссии. Мн., 1980.

т. 16, с. 35

ТУРА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Туранская раўніна,

раўнінная частка Сярэдняй Азіі і Паўд. Казахстана, занятая пераважна пустынямі (Каракумы, Кызылкум і інш.). На Пд абмежавана Капетдагам і адгор’ямі Парапаміза, на З — узбярэжжам Каспійскага м., на ПнЗ — паўд. і ўсх. схіламі Мугаджараў, на ПнУ — Казахскім драбнасопачнікам, на У — перадгор’ямі Паміра-Алая і Цянь-Шаня. Пераважныя выш. да 300 м, на З узбярэжжа Каспійскага м. ніжэй узр. акіяна на 28 м, упадзіна Карагіе на 132 м. Асн. ч. Т.н. адпавядае Туранскай пліце, складкаваты фундамент выходзіць на паверхню толькі ў асобных месцах, перакрыты асадкавымі меза-кайназойскімі адкладамі, багатымі нафтай, газам, вапняком, гіпсам, соллю. Для рэльефу характэрна чаргаванне акумуляцыйных нізін і раўнін са сталовымі плато. Клімат кантынент., вельмі сухі. Пераважаюць палынова-салянкавыя, псамафітныя і эфемеравыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 16, с. 35

ТУРА́НСКАЯ ПЛІТА́,

частка Цэнтральнаеўраазіяцкай платформы ў Сярэдняй Азіі і Казахстане. Пл. больш за 2 млн. км², даўж. і шыр. ў сярэдняй ч. прыблізна 1,6 тыс. км. Мяжуе на ПнЗ з Прыкаспійскай упадзінай Рускай пліты, на Пн з Уральскім хр. і праз Кустанайскую седлавіну з Заходне-Сібірскай плітой, на ПнУ з Цэнтральнаказахстанскім шчытом, на ПдУ і У з вобласцю эпіплатформеннага арагенезу (хрыбты Гісара-Алая, Цянь-Шаня і інш.), на ПдЗ з вобласцю альпійскай складкавасці (хр. Капетдаг і інш.), на З, пад водамі Каспійскага м., — са Скіфскай плітой. Паверхню Т.п. займае Туранская нізіна.

Крышт. фундамент складзены з дарыфейскіх масіваў (Сырдар’інскі, Каракумскі, Карабагазскі, Паўн.-Усцюрцкі) і складкавых сістэм, якія іх раздзяляюць (каледонскіх, герцынскіх, кімерыйскіх; буйнейшая — працяг герцынскіх структур Урала). У асобных месцах фундамент выходзіць на паверхню (горы Каратау, узв. Кызыл-Кія). Асадкавы чахол мае 2 структурныя паверхі (некат. даследчыкі вылучаюць 4), утвораныя ў кімерыйскія і альпійскія этапы развіцця. Магутнасць яго да 1—5 км. у вял. сінеклізах (напр., Усх.-Туркменская) да 10—14 км. Складзены з адкладаў мезазойска-кайназойскага ўзросту: тэрыгенна-вулканагеннай і вугляноснай фармацый, тэрыгенна-карбанатных, тэрыгенна-глаўканітавых і саляносных тоўшчаў, стракатакаляровых глін і каалінаў, мергеляў, мелу, глін, пяску, пясчанікаў і інш. Пароды чахла ў рознай ступені дыслацыраваны. Сярод тэктанічных структур вылучаюцца скляпенні, выступы. мульды, сінеклізы. упадзіны. буйныя лінейныя зоны прагінаў (Паўн.-Туркменская), кражы, грады, мегантыкліналі і мегасінкліналі і іх сістэмы (Мангышлакская). саляны вал (Рэпетэкскі), зоны ступеньчатага апускання ўздоўж разломаў і зоны ўскраіннага (перыплатформеннага) апускання. Радовішчы нафты і газу (Мангышлакскі нафтагазаносны раён), фасфарытаў, руд ртуці, мыш’яку, барыту, марганцу і інш.; мінер. крыніцы, у т. л. тэрмальныя.

Літ.:

Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972;

Хаин В.Е. Региональная геотектоника. Внеальпийская Европа и Западная Азия. М., 1977;

Витте Л.В. Типы континентальной земной коры и история их развития. Новосибирск, 1981.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 35

ТУ́РАСЫ, Тураса,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 24 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,74 км², даўж. больш за 1,7 км, найб. шыр. 740 м, найб. глыб. 15,3 м, Даўж. берагавой лініі больш за 6,1 км, пл. вадазбору 2,94 км². Катлавіна складанага тыпу, озавай градой падзелена на паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. да 15 м, на З і Пн 20—32 м (озавая града), укрытыя лесам, на Пд і У разараныя. Тэраса выш. 0,8—1,2 м. Пойма на Пн і ПнУ шыр. 10—12 м, сухая; на Пд і ПдУ шыр. да 50 м, забалочаная, пад лугам. Берагі нізкія, на З і У зліваюцца са схіламі, пясчаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей ілістае і сапрапелістае. Зарастае слаба, шыр. паласы расліннасці ў залівах да 50 м, на ПдУ да 100 м. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае з воз. Атолава).

т. 16, с. 35