ТУРАНКО́Ў Аляксей Яўлампавіч (21.1.1886, С.-Пецярбург — 27.9.1958),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—14, клас А.​Лядава і М.​Сакалова). З 1918 у Гомелі, адзін з арганізатараў і педагог муз. школы, кіраўнік самадз. харавых гурткоў, артыст гарадскога сімф. аркестра, заг. муз. секцыі аддз. нар. асветы. З 1934 у Мінску. Адзін з заснавальнікаў масавай песні, хору і рамансаў у бел. музыцы. Асаблівае значэнне ў яго творчасці мае опера «Кветка шчасця» (лібрэта В.​Барысевіч, П.​Броўкі і П.​Глебкі, паст. 1940), якая вылучаецца паэтычнасцю, лірызмам, сувяззю з нац. муз. фальклорам, дакладнасцю муз. характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасціпным нар. гумарам. Сярод інш. твораў: опера «Яснае світанне» (паст. 1958, у новай муз. рэд. Г.​Вагнера 1963); балет для дзяцей «Лясная казка» (1952); для сімф. арк. «Беларуская сюіта» ў 4 ч., «Беларуская фантазія» (абедзве 1933), «Піянерская сюіта» (1955); кантата «Пушкіну» для салістаў, хору і сімф. арк., 2 стр. квартэты, «Рапсодыя» для стр. квартэта, фп. трыо, п’есы для фп. і розных інструментаў; хары, рамансы на вершы А.​Пушкіна, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча; вак. трыо, дуэты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Дз.​М.​Жураўлёў.

А.Я.Туранкоў.

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)