А́ЛЬМКВІСТ
(Almquist) Карл Юнас Лове (28.11.1793, Стакгольм — 26.9.1866),
шведскі пісьменнік. Скончыў Упсальскі ун-т (1815). У 1851—65 у эміграцыі ў ЗША Літ. дзейнасць пачаў як рамантык. У эпіка-драм. паэме «Амарына» (1822) паказаў распад паўфеад. грамадства. Рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці пераважае ў творах, сабраных пад назвай «Кніга шыпшыны» (т. 1—14, 1832—51). Аўтар раманаў «Паляўнічы замак» (1832), «Капліца», «Палац», «Шэльнурскі млын» (усе 1838), «Можна» (1839), «Габрыэль Мімансо» (1841—42), «Тры пані Смолана» (1842—43; не пазбаўлены рэліг. містыцызму); зб. вершаў «Песні» (1849). Пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму напісаны «Асновы еўрапейскай незадаволенасці» (1838), «Паэзія і палітыка» (1839).
Тв.:
Samlade skrifter. Bd. 1—21. Stokholm, 1921—38.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 1, с. 280
АЛЬПАКА́,
млекакормячае з роду ламаў, сям. вярблюдавых. Свойская жывёла высакагорнай (4200 м над узр. м.) зоны Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі (мяжа Перу і Балівіі); цэнтр альпакаводства каля воз. Тытыкака. Паходжанне дакладна невядома.
Афарбоўка бурая або чорная. Галава кароткая. Корміцца расліннасцю. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Гадуюць дзеля каштоўнай шэрсці (1,1—1,25 кг раз у 2 гады).
т. 1, с. 280
АЛЬПЕ́НЬ,
вёска ў Беларусі, у Веляміцкім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. За 48 км на ПнУ ад Століна, 293 км ад Брэста, 55 км ад чыг. ст. Гарынь. 698 ж., 351 двор (1994). Базавая школа. Помнік архітэктуры — царква (1888).
т. 1, с. 280
АЛЬПІ́ДЫЙ
(Olpidium),
род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (О. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.
Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.
т. 1, с. 280
АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
Міжземнаморскі геасінклінальны пояс, тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.
т. 1, с. 280
АЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у альпійскім поясе. Расліны пераважна нізкарослыя, прысадзістыя, з яркімі кветкамі. Развіваюцца пры нізкіх т-рах, кароткім вегетац. перыядзе, хуткіх зменах цяпла і холаду, дастатковым увільгатненні. Тыповыя фітацэнозы — альпійскія лугі з перавагай злакаў (мятліц і інш.), прымул, гарычак, дубровак, увярэднікаў, астрагалаў, эдэльвейсаў, канюшыны і інш.; на камяністых участках — каменяломнік, крупкі і інш., зараснікі рададэндрану. Альпійская расліннасць характэрна для Альпаў, Карпат, Каўказа, Алтая, паўн., цэнтр. і ўсх. Цянь-Шаня, Гімалаяў і інш.
А.М.Матузка.
т. 1, с. 281
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
т. 1, с. 281
АЛЬПІ́ЙСКІЯ ЛУГІ́,
высакагорныя лугі альпійскага пояса. Найб. пашыраны асакова-злакавыя лугі і нізкатраўныя альпійскія «дываны» — маты, для якіх характэрна адсутнасць суцэльнага дзёрну. У складзе альпійскіх лугоў шмат кармавых, лек., дэкар., харч. раслін (гл. таксама Альпійская расліннасць). Каштоўныя с.-г. ўгоддзі. Выкарыстоўваюцца як летнія пашы.
т. 1, с. 281
АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,
воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).
т. 1, с. 281