Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗНАБІ́ШЫН Дзмітрый Пятровіч

(1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),

рус. паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.

т. 1, с. 170

АЗНАВУ́Р

(Aznavour) Шарль (сапр. Азнавуран Варэнаг; н. 22.5.1924, Парыж),

французскі шансанье, кампазітар, кінаакцёр. З сям’і арм. эмігрантаў. Аўтар песень (з 1960-х г. іх аркеструе П.Марыа), аперэт, музыкі да кінафільмаў. Здымаўся ў кінафільмах «Д’ябал і дзесяць запаведзяў», «Страляйце ў піяніста» і інш. Аўтар кн. «Азнавур вачамі Азнавура» (1970). Яго творчасці прысвечаны франц. дакумент. фільм «Спявае Шарль Азнавур».

т. 1, с. 170

АЗНАУ́РЫ,

грузінскія дваране. Вядомыя з 5 ст. Былі патомныя і служылыя, падзяляліся на царскіх, княжацкіх і царкоўных. Валодалі зямлёй, неслі абавязковую вайсковую павіннасць. З далучэннем Грузіі да Рас. імперыі (пач. 19 ст.) атрымалі правы рас. дваран.

т. 1, с. 170

АЗНАЧЭННЕ ў граматыцы, даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 170

АЗО́ВА-СІВА́ШСКАЯ ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,

на Пд Украіны, у Херсонскай вобл. Засн. ў 1957 на базе Азова-Сівашскага запаведніка (1927). Пл. 57,4 тыс. га. Складаецца з 2 ізаляваных участкаў: запаведна-паляўнічай гаспадаркі на касе Біручы Востраў у Азоўскім м. і запаведнай тэр. ў цэнтр. ч. Сівашскага заліва. Створана ў мэтах аховы прыродных комплексаў пясчанага і саланчаковага стэпаў і водна-балотных угоддзяў, а таксама для акліматызацыі і размнажэння еўрап. высакароднага аленя, лані, еўрап. муфлона і фазана. Нізінныя ч. касы і прылеглая акваторыя Утлюцкага лімана — улюбёныя мясціны качак, чапляў, кулікоў.

т. 1, с. 170

АЗО́ЛЫ,

пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).

т. 1, с. 170

АЗО́Н,

O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.

т. 1, с. 170

АЗО́НЧЫК Аляксандр Сямёнавіч

(н. 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мядзельскім р-не ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З 1922 працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1939 у органах НКУС. У жн. 1941 арганізаваў партыз. дыверсійную групу, якая дзейнічала ў складзе атрада імя Будзённага, са снеж. 1943 камандзір атрада «Патрыёт» і нач. асобага аддзела брыгады імя Будзённага. У 1944—57 на сав. рабоце.

т. 1, с. 170

АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́

(партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),

архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.

т. 1, с. 170

АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н,

Азорскі максімум, субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).

т. 1, с. 170