феад. каралеўская гаспадарка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1598 з дзярж. маёнткаў, даходы якіх ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара, у т. л. мястэчак Дзівін, Ламазы, Пяшчатка, Воін, Мілейчыцы. У 16—17 ст. была асобнай адм.-гасп. адзінкай, маёнткі яе здаваліся ў арэнду. У пач. 18 ст. аб’яднана з Кобрынскай эканоміяй. У 1783 у Берасцейскай эканоміі 45 ключоў, 8 гарадоў, 223 вёскі, 5745 валок зямлі (1 валока — 21,36 га), нас. 47 тыс.чал., уключала таксама Белавежскую пушчу. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1795) землі Берасцейскай эканоміі ўрад падараваў ці прадаў прыватным асобам.
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.Солтанам у свайго дзядзькі Д.Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.
БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ Дзейнічаў у 1900—14 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў воцатны парашок, драўняны і метылавы спірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. Працавала да 160 рабочых (1900), вырабляў прадукцыі на 150—300 тыс.руб. за год.
БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ КОСЦЕАБПА́ЛЬНЫ І КЛЕЯВА́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1865—1914 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў касцявую муку (1884—95), штучныя ўгнаенні, сталярны клей, касцявы вугаль, касцявое сала, сернакіслы аміяк, мыла, гліцэрыну (1913). У 1895 выраблена прадукцыі на 28,5 тыс.руб. Працавала да 50 рабочых (1905).
гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.
БЕ́РАСЦЕНЬ (Акім Іванавіч) (1877, г.п.Бешанковічы Віцебскай вобл. — 1926),
рэвалюцыянер. З 1898 вёў рэв. работу ў Бранску, Харкаве, Віцебску, на Рыга-Арлоўскай чыг. і інш. У 1907, 1909 і 1910 быў арыштаваны. У 1910—14 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. У чэрв.—ліп. 1917 адзін са стваральнікаў Віцебскай арг-цыі інтэрнацыяналістаў [з вер. 1917 Віцебская арг-цыяРСДРП(б)], чл. яе к-та, дэлегат VI з’езда РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага Савета. У 1919 старшыня Мінскага чыг.рэв. суда, старшыня парт. ячэйкі чыгуначнікаў Мінска. З 1921 на гасп. рабоце ў Віцебску.
1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).
2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.
птушка сям. ўюрковых, атр. вераб’інападобных. Пашырана ў лясной і лесастэпавай зонах Еўропы, у Паўн.-Зах. Афрыцы, Зах. Азіі. На Беларусі (нар. назва махнянка) — адна з самых шматлікіх птушак; жыве ў лясах, гаях, парках, скверах, садах.
Даўж. 10—17 см, маса 20—25 г. Апярэнне спіны ў самцоў шэра-бурае, грудзей, горла, шчок і верхняй ч. брушка — карычнева-чырвонае, крылаў і хваста — цёмна-бурае з зеленаватым адценнем і белымі палосамі, галавы і патыліцы — шаравата-блакітнае. Самка зеленавата-шэрая. Гняздо на дрэвах. Корміцца насякомымі і насеннем. Знішчае шкодных насякомых.
рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.
Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.
Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл.Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.
Я.М.Сахута.
Да арт.Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.