БЕРАСЦЯ́НКА,
зяблік (Fringilla coelebs), птушка сям. ўюрковых, атр. вераб’інападобных. Пашырана ў лясной і лесастэпавай зонах Еўропы, у Паўн.-Зах. Афрыцы, Зах. Азіі. На Беларусі (нар. назва махнянка) — адна з самых шматлікіх птушак; жыве ў лясах, гаях, парках, скверах, садах.
Даўж. 10—17 см, маса 20—25 г. Апярэнне спіны ў самцоў шэра-бурае, грудзей, горла, шчок і верхняй ч. брушка — карычнева-чырвонае, крылаў і хваста — цёмна-бурае з зеленаватым адценнем і белымі палосамі, галавы і патыліцы — шаравата-блакітнае. Самка зеленавата-шэрая. Гняздо на дрэвах. Корміцца насякомымі і насеннем. Знішчае шкодных насякомых.
т. 3, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)