БЕРАЗІНА́,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Гл. Бярэзіна.
т. 3, с. 105
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс. ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав. Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс. чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс. ж.
т. 3, с. 105
БЕРАЗІНО́,
Верхняе Беразіно, вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.
Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.
т. 3, с. 105
«БЕРАЗІ́НСКІ»,
торфабрыкетны завод у Беларусі, у пас. Беразінскае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1949—53 як торфапрадпрыемства «Беразінскае», у 1959 на ім пабудаваны торфабрыкетны з-д. Працуе на базе Беразінскага радовішча торфу (гл. Бярэзінскае балота). Асн. прадукцыя (1995): торфабрыкеты на мясц. паліва.
т. 3, с. 106
БЕРАЗНІКІ́,
горад у Расійскай Федэрацыі, у Пермскай вобл. Вядомы з 17 ст. 198,3 тыс. ж. (1994). Рачны порт на Камскім вадасх. Чыг. станцыя. Цэнтр хім. прам-сці (камбінаты калійны, азотна-тукавы, тытана-магніевы і інш.); металаапр., эл.-тэхн., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Факультэт Пермскага тэхн. ун-та. Драм. тэатр. Краязнаўчы музей. Каля Беразнікоў — радовішчы кухоннай, калійнай, магніевай соляў.
т. 3, с. 106
БЕРАЗНЯКІ́,
гарадзішча дзякоўскай культуры 3—5 ст. каля в. Беразнякі Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл. Расіі. З’яўлялася паселішчам радавой абшчыны. Было ўмацавана земляным валам з драўлянай агароджай на ім і ровам. Раскопкамі выяўлены рэшткі 6 драўляных жытлаў асобных сем’яў, вял. абшчыннага дома, пабудовы для прадзення і ткацтва, загону для жывёлы, невял. пахавальнага збудавання, дзе хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 106
БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.
т. 3, с. 106
БЕРАЗНЯ́ЦКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток Галоўнага канала (бас. Прыпяці). Даўж. 30 км. Пачынаецца за 2 км на У ад в. Беразнякі, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Ельня.
т. 3, с. 106
БЕРАЗО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
(н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед. б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).
т. 3, с. 106