Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАЖКО́Ў Мікалай Георгіевіч

(24.6.1886, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 12.3.1956),

гісторык. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Працаваў у Маскоўскім архіве Мін-ва юстыцыі. З 1917 выкладаў у Маскоўскім археал. ін-це, Ніжагародскім ун-це, працаваў у Музеі рэвалюцыі, у музеі «Катарга і ссылка», з 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Даследаваў гісторыю і крыніцазнаўства ВКЛ, Беларусі эпохі феадалізму, займаўся храналогіяй рускіх летапісаў.

т. 3, с. 104

БЕРАЖНО́Е,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 16 км на ПнУ ад г. Столін, 261 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Гарынь, на шашы Столін — Тураў. 2364 ж., 802 двары (1995). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Параскевы Пятніцы (1884).

т. 3, с. 104

БЕРАЖНО́Ў Іван Панцялеевіч

(н. 12.1.1928, в. Георгіеўка Курдайскага р-на Джамбульскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне рэнтгеналогіі і радыялогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Кіргізскі мед. ін-т (1949). З 1966 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі, з 1972 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы злаякасных пухлін. Распрацаваў спосаб аўтарадыяграфіі пры раку страўніка і стрававода.

Тв.:

Радиоизотопная диагностика рака желудочно-кишечного тракта. Мн., 1973.

т. 3, с. 105

БЕРАЗАВІ́К,

балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.

т. 3, с. 105

БЕРАЗАВО́Й Анатоль Мікалаевіч

(н. 11.4.1942, пас. Энем Акцябрскага р-на, Адыгея),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), лётчык-касманаўт СССР (1982). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1977). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Як камандзір здзейсніў касм. палёт разам з В.В.Лебедзевым на караблях «Саюз Т-5, -6, -7» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (13.5—10.12.1982). У космасе правёў 211,4 сут.

т. 3, с. 105

БЕРАЗА́НЬ,

востраў на ПнЗ Чорнага мора пры ўваходзе ў Дняпроўскі ліман, за 12,8 км на З ад г. Ачакаў. Найб. даўжыня з Пн на Пд каля 850 м, шырыня 200—850 м. У ант. часы наз. Барысфен. Раскопкамі (вядуцца з 1880-х г.) адкрыта самае стараж. грэч. паселішча ў Паўн. Прычарнамор’і, якое ўзнікла ў канцы 7 ст. да н.э.; у 5 ст. да н.э. страціла значэнне грэч. фарпоста пасля ўзвышэння Ольвіі. У 10—12 ст. тут было слав. паселішча. Беразань выкарыстоўвалі як апорны пункт запарожскія казакі. У 1788 заняты рус. войскамі. 6.3.1906 на Беразані расстраляны ўдзельнікі Севастопальскага паўстання 1905.

т. 3, с. 105

БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял. Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.

В.В.Гліннік.

т. 3, с. 105

БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ,

шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр. б. базыльянскага манастыра ў в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.

т. 3, с. 105

БЕРАЗВЕ́ЧЧА,

былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.

т. 3, с. 105

Беразіенка Валерый Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 351