БЕРАЗВЕ́ЧЧА,

былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)