Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭКСТУ́РА МАГНІ́ТНАЯ,

пераважная арыентацыя вектараў спантаннай намагнічанасці магн. даменаў у фера- і ферымагнетыках. Абумоўлівае анізатрапію магн. уласцівасцей матэрыялу (гл. Магнітная анізатрапія). Узнікае пры дзеянні на матэрыял накіраваных мех. напружанняў, якія ўтвараюць пераважную арыентацыю крышталітаў у полікрышталях (гл. Тэкстура), пры тэрмічнай апрацоўцы матэрыялу ніжэй Кюры пункта ў магн. полі (тэрмамагн. апрацоўка), пры тэрмамех. апрацоўцы. Стварэнне восевай Т.м. дае магчымасць рэзка палепшыць уласцівасці магн. матэрыялаў. Уздоўж восі Т.м. у магнітамяккіх матэрыялах аблягчаецца перамагнічванне, пры гэтым павялічваецца магнітная пранікальнасць, памяншаюцца каэрцытыўная сіла і магн. страты; у магнітацвёрдых матэрыялах дасягаюць найбольшых значэнняў намагнічанасць астаткавая і каэрцытыўная сіла.

т. 16, с. 109

ТЭКСТЫ́ЛЬ (лац. textile тканіна ад texo тку),

агульная назва тканін (гл. Тканіна тэкстыльная), прадзільна-ткацкіх вырабаў.

т. 16, с. 109

ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін лёгкай прамысловасці па перапрацоўцы расл., жывёльных, хім. валокнаў на тканіну, ніткі, трыкатаж і інш. вырабы. Уключае баваўняную прамысловасць, ільняную прамысловасць, шарсцяную прамысловасць, шаўковую прамысловасць, трыкатажную, таксама вытв-сць нятканых матэрыялаў, стужачных вырабаў. Вырабы Т.п. выкарыстоўваюцца для адзення і абутку, у мэблевай, маш.-буд. прам-сці.

На Беларусі прадпрыемствы Т.п. ўзніклі ў 18 ст.: крычаўскія мануфактуры (парусінавыя), Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, мануфактуры ў Добрушы (палатняная), Нясвіжы і Паласне (шарсцяныя), Шклове (шаўковая). Тэкст. прадукцыю выраблялі гродзенскія каралеўскія мануфактуры. На пач. 20 ст. выпускалася пераважна льняная пража ў Віцебску, мяст. Высачаны (гл. Высачанская лёнапрадзільная фабрыка), шарсцяныя тканіны выраблялі Парэцкая суконная фабрыка, ружанскія суконныя прадпрыемствы і інш. У 1913 выпуск прадукцыі Т.п. склаў 4,8% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, у 1940 ён вырас у 4 разы, выпрацоўка тканін на душу насельніцтва павялічылася ў 10,8 раза. Пасля Вял. Айч. вайны арганізавана вытв-сць камвольных тканін (Мінскі камвольны камбінат), дывановых (Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты), стужачных і гардзінна-цюлевых вырабаў (Магілёў), нятканых матэрыялаў (Віцебск); пабудаваны прадпрыемствы па вытв-сці верхняга трыкатажу (Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Мінская трыкатажная фабрыка, Брэсцкая ф-ка верхняга трыкатажу), баваўняных (Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне) і шаўковых тканін (Гродна, Слонім). У Т.п. (2001) каля 200 прадпрыемстваў і вытв-сцей, на якіх занята 131,4 тыс. чалавек. Выраблена (у млн. м²) тканіны ўсіх відаў 249,2, у т. л. баваўнянай 57,5, ільняной 25,3, шарсцяной 6,5, шаўковай 54,6; трыкатажных вырабаў 45,9 млн. шт. У свеце Т.п. найб. развіта ў Кітаі, Расіі, ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі.

т. 16, с. 110

ТЭКСТЫ́ЛЬНА-ДАПАМО́ЖНЫ́Я РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюць у тэкст. прам-сці пры перапрацоўцы, фарбаванні і аздабленні валакністых матэрыялаў. Аблягчаюць перапрацоўку прыродных і хім. валокнаў (нітак), спрыяльна ўплываюць на якасць тэкст. матэрыялаў.

Для паляпшэння знешняга выгляду і аблягчэння апрацоўкі валокнаў або нітак (надання ім мяккасці, гнуткасці, фрыкцыйных і антыстатычных уласцівасцей) выкарыстоўваюць авіважныя сродкі — паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) пераважна неіонагенныя. Авіважную апрацоўку (авіваж), да якой звычайна адносяць і шліхтаванне (на~ данне ніткам склеенасці для павышэння зносаўстойлівасці), ажыццяўляюць апусканнем нявысушаных валокнаў у водны раствор або эмульсію авіважнага сродку. Аналагічны працэс апрацоўкі сухой ніткі (валакна) наз. замасліваннем. Замаслівальнікі — звычайна сумесі арган. злучэнняў (напр., алкілфасфатаў, алкілстэаратаў), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў у мінер. маслах або водных эмульсій масленых кампазіцый. Авіваж тканін (аблягчае шыццё вырабаў) часта ажыццяўляюць разам з апрэтаваннем (апрэты надаюць тканінам незмінальнасць, гідрафобнасць, негаручасць і інш. спец. ўласцівасці). У якасці Т.-д.р. выкарыстоўваюць некат. антыстатыкі і антыпірэны. Да Т.-д.р. адносяць таксама змочвальнікі (пераважна аніённыя і неіонагенныя ПАР), якія павышаюць хуткасць і эфектыўнасць апрацоўкі матэрыялу растворамі солей, фарбавальнікамі і інш., выраўноўвальнікі — розныя ПАР, што забяспечваюць раўнамернасць афарбоўкі, дыспергатары, эмульгатары і інш.

Літ.:

Серебрякова З.Г. Поверхностно-активные вещества в производстве искусственных волокон. М., 1986.

т. 16, с. 109

ТЭКТААРАГЕНІ́Я,

тое, што гораўтварэнне. Гл. таксама Араген.

т. 16, с. 110

ТЭКТАГЕНЕ́З,

сукупнасць тэктанічных рухаў і працэсаў, якія фарміруюць тэктанічныя структуры зямной кары. Тэрмін «Т.» прапанаваў ням. геолаг Э.​Харман (1930), які падзяляў Т. на першасны (утварэнне глыбінных геал. структур пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, выкліканых унутр. сіламі Зямлі) і другасны, або гравітацыйны (утварэнне складак, насоваў, скідаў і інш. ў верхняй ч. зямной кары пад уздзеяннем сілы цяжару). Вылучаюць альпінатыпны Т. (складаныя складкавыя структуры з перавагай насоваў і шар’яжаў), германатыпны Т. (слабая адкрытая складкавасць, рэдкія маламагутныя разрыўныя дэфармацыі) і сібіратыпны Т. (актывізацыя і ўскладненне стараж. складкавых структур).

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

ТЭКТАНАСФЕ́РА, тэктасфера,

вонкавая абалонка цвёрдай Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнюю мантыю (да глыб. каля 400 км) або ахоплівае літасферу і астэнасферу, дзе ў асноўным і адбываюцца тэктанічныя, а таксама магматычныя і метамарфічныя працэсы. Для Т. характэрна верт. і гарыз. неаднароднасць фіз. уласцівасцей і саставу парод, якія складаюць яе. Т. даследуецца геалагічнымі (палявыя назіранні, свідраванне, горныя распрацоўкі), геафіз. (глыбіннае сейсмічнае і магнітатэлурычнае зандзіраванне, сейсмастратыграфія, сейсматамаграфія) і інш. метадамі.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

ТЭКТАНАФІ́ЗІКА,

раздзел тэктонікі, які вывучае фізічныя ўмовы ўзнікнення тэктанічных дэфармацый (складак, разрываў і інш.) у слаях горных парод. Даследуе тэктанічныя структуры, іх кінематыку, дынаміку развіцця і гісторыю фарміравання праз фіз. і матэм. мадэліраванне тэктанічных працэсаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры вывучэнні прычын глыбінных працэсаў, прагнозе землетрасенняў, пошуках і разведцы карысных выкапняў. Тэрмін «Т.» прапанавалі сав. геолагі У.​У.​Белавусаў і М.​У.​Гзоўскі.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

ТЭ́КТАНДЭР (Тэктандэр фон дэр Ябель) Георг

(1570—1614),

нямецкі дыпламат, падарожнік. У 1602—03 удзельнічаў у пасольстве імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Рудольфа II да перс. шаха Абаса I (сакратар, пасля пасол). Аўтар дарожных нататкаў пра пасольства, якое рухалася з Чэхіі праз Польшчу, Беларусь і Маскоўскую дзяржаву. Даў звесткі пра Гродна, Вільню, Мінск, Оршу.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие в Персию через Московию 1602—1603 гг. (разам з С.​Какашам) // Чтения в О-ве истории и древностей российских. 1896. Кн. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 110

ТЭКТАНІ́ЧНАЯ ІНВЕ́РСІЯ,

перамена напрамку тэктанічных рухаў (дадатны на адмоўны і наадварот) у выніку змены тэктанічнага рэжыму (напр., прагіны пераўтвараюцца ў падняцці, а геаантыкліналі ў прагіны). Т.і. суправаджаецца актывізацыяй тэктанічных рухаў, праяўленнем магматызму і метамарфізму. Разглядалася як асн. працэс геасінклінальнага развіцця тэктанічных структур.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110