ТЭКТАНАСФЕ́РА, тэктасфера,

вонкавая абалонка цвёрдай Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнюю мантыю (да глыб. каля 400 км) або ахоплівае літасферу і астэнасферу, дзе ў асноўным і адбываюцца тэктанічныя, а таксама магматычныя і метамарфічныя працэсы. Для Т. характэрна верт. і гарыз. неаднароднасць фіз. уласцівасцей і саставу парод, якія складаюць яе. Т. даследуецца геалагічнымі (палявыя назіранні, свідраванне, горныя распрацоўкі), геафіз. (глыбіннае сейсмічнае і магнітатэлурычнае зандзіраванне, сейсмастратыграфія, сейсматамаграфія) і інш. метадамі.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)