ТЭКТАГЕНЕ́З,

сукупнасць тэктанічных рухаў і працэсаў, якія фарміруюць тэктанічныя структуры зямной кары. Тэрмін «Т.» прапанаваў ням. геолаг Э.​Харман (1930), які падзяляў Т. на першасны (утварэнне глыбінных геал. структур пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, выкліканых унутр. сіламі Зямлі) і другасны, або гравітацыйны (утварэнне складак, насоваў, скідаў і інш. ў верхняй ч. зямной кары пад уздзеяннем сілы цяжару). Вылучаюць альпінатыпны Т. (складаныя складкавыя структуры з перавагай насоваў і шар’яжаў), германатыпны Т. (слабая адкрытая складкавасць, рэдкія маламагутныя разрыўныя дэфармацыі) і сібіратыпны Т. (актывізацыя і ўскладненне стараж. складкавых структур).

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)