...АРХІЯ (ад грэч. archē улада, вяршэнства), частка складаных слоў, якая абазначае форму ўлады, кіравання, напр., алігархія, манархія.
т. 1, с. 534
«АРХИ́ВНОЕ ДЕ́ЛО»,
часопіс цэнтральных архіўных устаноў СССР і РСФСР. Выдаваўся ў 1923—41 (акрамя 1934) у Маскве на рус. мове. У ім друкаваліся пастановы і інструкцыі па архіўнай справе, дакумент. матэрыялы, водгукі на сав. і замежныя кнігі па архіўнай справе, інфармацыя пра выданні цэнтр. архіваў, стан замежных архіваў, абмяркоўваліся метадычныя пытанні. Выйшла 58 нумароў.
т. 1, с. 524
«АРХИТЕКТУ́РА И СТРОИ́ТЕЛЬСТВО БЕЛАРУ́СИ»,
навукова-тэхнічны часопіс. Выходзіць з 1970 у Мінску на рус. мове раз у 2 месяцы; да 1991 наз. «Строительство и архитектура Белоруссии». Публікуе матэрыялы па архітэктуры, праектаванні, эканоміцы, арг-цыі і тэхналогіі буд-ва, буд. матэрыялах, арх. спадчыне.
т. 1, с. 527
АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,
пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
т. 1, с. 534
АРХО́НТ,
архант (грэч. archōn), вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
т. 1, с. 534