АРХО́НТ,

архант (грэч. archōn), вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)