Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кампетэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае дастатковыя веды ў якой‑н. галіне; дасведчаны. [Хадановіч], калі прызнацца, не надта быў кампетэнтны ў пытаннях севазвароту або ў справе ўгнаення палёў. Грамовіч. // Заснаваны на дасведчанасці; кваліфікаваны, аўтарытэтны. Кампетэнтная думка.

2. Які мае пэўныя паўнамоцтвы. Кампетэнтная арганізацыя.

[Ад лац. competens, competensis — адпаведны, здольны.]

кампетэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Дасведчанасць у якой‑н. справе. Гэтыя праблемы не ў яго кампетэнцыі.

2. Сукупнасць правоў і абавязкаў той ці іншай установы або адказнай асобы. Кампетэнцыя судовых органаў. □ — У чыёй кампетэнцыі справа кааптацыі членаў у акружком? — запытаўся [Андрэй]. Пестрак. Гукам быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Шамякін.

кампілява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кампіляваць.

кампілява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да кампіляваць.

кампілява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Займацца кампіляцыяй (у 2 знач.). Кампіляваць артыкул.

кампіля́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца кампіляцыяй, аўтар кампіляцыі. Піша-піша чалавек і раптам бачыць: не туды яго штурхнулі, не тое яму параілі, ды і наогул — які к чорту ён вучоны! Кампілятар, у лепшым выпадку — здольны тлумачальнік чужых думак. Шамякін.

кампіляты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кампілятыўнага.

кампіляты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Аснованы на кампіляцыі, які з’яўляецца кампіляцыяй. Кампілятыўная работа.

кампіля́цыя, ‑і, ж.

1. Праца (звычайна навуковая), якая асноўваецца на выкарыстанні ўжо вядомых прац і вынікаў, без самастойнага даследавання і вывадаў. Бяздарная кампіляцыя.

2. Састаўленне такіх работ; кампіляванне. — Адмоўцеся ад пампезнасці, кампіляцыі і тады, калі ласка, разлічвайце на маю падтрымку на архітэктурным савеце. Карпаў.

[Ад лац. compilatio — крадзеж, аграбленне.]

кампле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Поўны набор якіх‑н. прадметаў (інструментаў, рэчаў і інш.), якія маюць агульнае прызначэнне і складаюць што‑н. цэлае. Камплект сталярных інструментаў. Камплект падручнікаў. Камплект боепрыпасаў. Камплект Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. □ Гарміза павінен быў справіць Арыне абутак, поўны камплект адзежы. Колас.

2. Устаноўленая колькасць асоб, якія патрабуюцца або дапускаюцца куды‑н. па штату. Камплект вучняў. Камплект рабочых. Залічыць звыш камплекту.

[Ад лац. completus — поўны.]