пабо́ўтваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Боўтаць, узбоўтваць час ад часу, патрошку. Пабоўтваць вадкасць. Пабоўтваць страву лыжкай.
пабо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.
2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.
3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.
4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.
5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.
6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.
пабрадзі́ць 1, ‑браджу, ‑бродзіш, ‑бродзіць; зак.
1. Пахадзіць, паблукаць некаторы час.
2. што. Пракласці брады (у полі, на сенажаці).
пабрадзі́ць 2, ‑бродзіць; зак.
Пабыць у стане браджэння некаторы час.
пабрадзя́жыць, ‑брадзяжу, ‑брадзяжыш, ‑брадзяжыць; зак.
Тое, што і навалачыцца, пацягацца. [Мікалай:] — Можа мне калі захочацца пабрадзяжыць, ну то я ўстаў, адвёў шапку і марш, і ніхто мне слова не скажа. Чорны.
пабразгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.
Бразгатаць некаторы час. [Віктар] адчыніў гараж, пабразгатаў там жалязякамі і накіраваўся да нас. Няхай.
пабразгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; ‑гацім, ‑гаціце; зак.
Тое, што і пабразгатаць. [Максім] пабразгацеў у каморы начыннем, узяў малаток, бабку для кляпання касы, нейкі адмысловы шпянёк, пласкагубцы і, кінуўшы Толю «пайшлі!», падаўся з ім на востраў. Брыль.
пабра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Бразгаць некаторы час, бразнуць некалькі разоў. [Кулікоўскі], пабразгаўшы яшчэ хвіліны дзве дзвярыма, пабег уніз да гаспадыні. Галавач. Цурынскі яшчэ раз пабразгаў клямкаю, але за парканам, апроч сабачага брэху, ніякага руху не пачуў. Сабаленка.
пабра́згваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Бразгаць час ад часу. Пабразгваць ключамі. □ Недзе пабразгвалі бляшаныя званочкі. Самуйлёнак.
пабразджа́ць, ‑джу, ‑джыш, ‑джыць; зак.
Бразджаць некаторы час. Пабразджаць ланцужком.
пабракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Забракаваць усё, многае. Пабракаваць усе дэталі. Пабракаваць коней.