пабо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.

2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.

3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.

4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.

5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.

6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)