Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каласо́к, ‑ска, м.

1. Памянш.-ласк. да колас. Ідзе [Міхал], а ветрык з каласкамі Вядзе прыемную размову І цешыць душу леснікову. Колас.

2. Форма ласкавага звароту. — Ой, сыне Ігнаце, Любімы сынок, Хоць вестачку маці Прышлі, каласок. Хведаровіч.

каласо́ўнік, ‑а, м.

Пустазелле сямейства злакавых. Жытні каласоўнік. Каласоўнік безасцюковы.

калатне́ча, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і калатня (у 1, 2 знач.). Але цяпер у Кашчавай хаце такая калатнеча кожны дзень, што аж вокны дрыжаць. Чарнышэвіч. З самай раніцы пачалася несусветная калатнеча ў вёсцы. Людзей зганялі на плошчу. Лынькоў.

калатну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да калаціцца.

калатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да калаціць.

калатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.

2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.

3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.

калато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла, размешвання чаго‑н.

калату́ша, ‑ы, ж.

Разм.

1. Размешаная гразь. Зямля размякла і ператварылася ў ліпкую калатушу, з якой цяжка было выцягнуць ногі. Дудо. // Пра ўсякую негустую масу. На палях снегу амаль не было, толькі ў разорах ды ў канавах ляжала мокрая калатуша, падобная на аўсяны кісель. Грахоўскі.

2. Негустая страва з раскалочанай у вадзе ці ў малацэ мукі.

3. Бойка, калатня, вайна. [Багатыры] не пагадзіліся між сабою, кінулі свае народы, сялянства і рабочых у гэтую крывавую калатушу. Колас.

калаўро́т, ‑а, М ‑роце, м.

1. Прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом. У левым куце на лаве стаіць прасніца з кудзеляй, пры ёй на падлозе — калаўрот. Козел. Ля кудзелі працуе дзяўчына — Манатонна гудзіць калаўрот. Лявонны.

2. Прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг. Трэба доўга размотваць на калаўроце ланцуг, пакуль акутае жалезам вядро дакранецца да халоднай як лёд вады. Даніленка.

калаўро́так, ‑тка, м.

Разм. Тое, што і калаўрот (у 1 знач.). Сходзіліся на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі і калаўроткамі, а да іх далучаліся хлопцы. Колас.