кабу́л, ‑у, м.
Востры соус з соі і розных спецый для прыправы страў. / у знач. нескл. прым. Соус кабул.
[Ад назвы г. Кабул у Афганістане.]
кабура́, ‑ы, ж.
1. Футляр для пісталета або рэвальвера. Сцёпка раз-пораз на бягу папраўляў кабуру з наганам. Хомчанка. Станіслаў расшпільвае шынель, вымае з кабуры браўнінг, настаўляе яго на фурмапа. Мікуліч.
2. Скураная сумка збоку кавалерыйскага сядла.
[Ад цюрк. кубур — калчан.]
кабы́з і ко́быз, ‑а, м.
Казахскі струнны смычковы музычны інструмент.
[Цюрк. кобыз.]
кабы́ла, ‑ы, ж.
1. Самка каня. Жарэбная кабыла. □ Кожны цыган сваю кабылу хваліць. Прыказка.
2. Гіст. Дошка з выразам для шыі і рук, да якой прывязвалі для пакарання бізуном.
•••
Прышый кабыле хвост гл. прышыць.
кабы́лін, ‑а.
Які належыць кабыле. Кабыліна грыва.
кабылі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кабылы (у 1 знач.), належыць ёй. Кабылінае малако.
кабылі́ца, ‑ы, ж.
Маладая рослая кабыла; жаробка. Першая лёгка і размашыста ішла агністая.., з белай мецінкай на лбе кабыліца Зорка. Ракітны.
кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.
2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).
3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.
4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.
•••
Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.
кабыля́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і кабыліны.
ка́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, што і кофе (у 2 знач.). Жалудовая кава. □ Лайнер павінен быў узяць партыю бавоўны, кавы і какосавых арэхаў. Лынькоў.
2. Тое, што і кофе (у 3 знач.). [Госці] сядзелі за круглым сталом у белых пазалочаных крэслах і пілі з маленькіх кубачкаў пасляабедзенную каву. Маўр.
•••
Чорная кава — тое, што і чорны кофе (гл. кофе).
[Тур. kahwe з польск.]