Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.

2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.

3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.

захлыну́ць, ‑не; зак., каго-што.

Заліць, пакрыць поўнасцю (пра ваду). Паводка захлынула берагі. // перан. Захапіць, паглынуць (пра пачуцці). Гарачая хваля ўдзячнасці і нейкага іншага пачуцця, якому .. [Вася] і назвы не знаходзіў, захлынула яго. Шамякін.

захлю́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаць аблітым граззю, вадой і пад.; заплюхацца, запырскацца. Захлюпацца з ног да галавы.

захлю́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Абпырскаць, абліць вадой, граззю і пад. Ядзя стаяла, абтрасалася, нібы мокрая курыца. — Захлюпаю падлогу, — апраўдвалася яна. — Бач, як цячэ... Новікаў.

захлю́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць хлюпаць.

захлябну́цца і захлібну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Задыхнуцца ад вады, што трапіла ў рот, горла; захлынуцца. Яшчэ хвілінка, і перавернецца плыт, паляціць на пясчанае дно кулямёт, захлібнуцца ў вадзе кулямётчыкі. Лынькоў.

2. Мімаволі перарваць дыханне ад якога‑н. моцнага пачуцця. Жанчына нібы захлібнулася енкам, прыціхла, толькі жаласліва ўсхліпвала. Арабей.

3. перан. Спыніцца, сарвацца (пра атаку, наступленне). Падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася. Гурскі.

4. перан. Перастаць дзейнічаць; змоўкнуць. Кулямёт захлябнуўся. □ Зазвініць піла, захлябнецца, потым зноў зазвініць. Федасеенка.

захма́раны, ‑ая, ‑ае.

Зацягнуты, пакрыты хмарамі. Сіні дымок сцелецца над кустамі, не паднімаецца ў захмаранае неба. Асіпенка. Макоўчык, .. гледзячы ў бок захмараных гор, прамовіў раздумліва: — Глядзі ты, там лье, як з прорвы, а тут — ціха... Мележ.

захма́рвацца, ‑аецца.

Незак. да захмарыцца ​1.

захма́рваць, ‑ае.

Незак. да захмарыць ​1.

захма́рны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца за хмарамі. Захмарная вышыня.

захма́рыцца 1, ‑рылда; зак.

Зрабіцца хмарным. Неба захмарылася. / у безас. ужыв. З раніцы захмарылася, падзьмуў моцны вецер. Лось.

захма́рыцца 2, ‑рыцца; безас. зак.

Пачаць хмарыцца.