Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Выбарны орган, які кіруе якой‑н. работай. Партыйны камітэт. Выканаўчы камітэт. Камітэт камсамола. Мясцовы камітэт. Бацькоўскі камітэт.

2. Орган дзяржаўнага кіравання, які выконвае пэўныя функцыі. Камітэт па справах фізкультуры і спорту пры Савеце Міністраў Саюза ССР.

[Фр. comité ад лац. commitere — даручаць.]

камітэ́тчык, ‑а, м.

Разм. Член камітэта. Настаўнік перапісаў на паперы прозвішчы камітэтчыкаў і падаў паперу бліжэйшым, каб на ёй распісаліся. Галавач. Мацей Сіпак падбіваў камітэтчыкаў на пабудову паравога млына, абяцаў і грошы пазычыць і рабочай сілай дапамагчы. Лынькоў.

камітэ́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камітэта, належыць яму. Спрытны кулачок у свой час паставіў быў справу, што на яго працавалі і камітэцкія ветракі і цагельня. Лынькоў.

камі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць камічнага. Камічнасць сітуацыі.

камі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае смех; забаўны. Камічны танец. Камічная паходка. Камічная міна. □ — Вельмі арыгінальны чалавек і столькі розных камічных гісторый ведае. Рамановіч.

2. Камедыйны. Камічны акцёр. Камічная роля. Камічны талент. Камічная опера.

камкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і камякаваты.

камко́р, ‑а, м.

Камандзір корпуса.

камлёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камля. Камлёвая частка дрэва.

камлі́сты, ‑ая, ‑ае.

З тоўстым камлём. Камлісты дуб. □ Бягуць па .. [рэчцы] таўсматыя камлістыя яліны. Крапіва.

камло́т, ‑у, М ‑лоце, м.

Тоўстая баваўняная або шарсцяная тканіна з чорных і карычневых нітак.

[Ад фр. camelot — тканіна з шэрсці ангорскай казы.]