Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камісарыя́т, ‑а, М ‑рыяце, м.

Дзяржаўная або адміністрацыйная ўстанова, на чале якой стаіць камісар. Ваенны камісарыят. Народны камісарыят.

камісарыя́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камісарыята, належыць яму. Камісарыяцкі работнік.

камісіёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Камісійны магазін. — Ідзі зараз жа ў краму ці камісіёнку і купі сабе цёплую шапку. Рамановіч.

камісі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да камісіі (у 3 знач.). Камісійны дагавор. Камісійныя расходы. // Які гандлюе таварамі, здадзенымі на камісію. Камісійны магазін. // Здадзены на камісію. Камісійныя тавары.

2. у знач. наз. камісі́йныя, ‑ых. Грошы, якія даюцца за выкананне камісіі (у 3 знач.).

камі́сія, ‑і, ж.

1. Група асоб як орган, што ўтвараецца напастаянна або часова для выканання пэўных задач. Выбарчая камісія. Следчая камісія. Прыемная камісія. □ Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч.

2. Орган дзяржаўнага кіравання, які выконвае пэўныя функцыі. Дзяржаўная планавая камісія.

3. Дагавор, паводле якога адзін бок абавязваецца за ўзнагароду зрабіць пэўныя здзелкі ад свайго імя па даручэнню і за кошт другога боку.

•••

Канфліктная камісія — камісія, якая вырашае спрэчкі і канфлікты паміж адміністрацыяй і работнікамі прадпрыемства, паміж прадпрыемствамі і інш.

На камісію — для продажу за пэўную ўзнагароду (здаць, прыняць).

[Ад лац. commissio — даручэнне.]

камісіяне́р, ‑а, м.

Пасрэднік у гандлёвых здзелках, які выконвае за ўзнагароду гандлёвыя даручэнні. Мінская гарадская ўправа закупіла ў Кіеўскай губерні партыю мукі праз нейкага камісіянера.. Апошні, карыстаючыся цяжкім становішчам, даставіў муку, непрыгодную для спажывання. «Весці».

[Фр. commissionare.]

камісіяне́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камісіянера. Камісіянерскія абавязкі. Камісіянерскія даручэнні.

камісіяне́рства, ‑а, н.

Занятак камісіянера.

каміта́т, ‑а, М ‑таце, м.

Найбольш буйная адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў Венгрыі.

[Ад лац. comitatus — вобласць.]

камітэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую‑н. здзелку: куплю, продаж і інш.

[Ад лац. committens, committentis — які даручае.]