Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камі́нак, ‑нка, м.

Выемка ў печы, дзе раскладалі агонь для асвятлення хаты. Добра помніцца Галі: на чорным камінку Аж да ранку гарэлі ўсю ноч смалякі. Гілевіч. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

каміна́р, ‑а, м.

Чысцільшчык комінаў. [Марціну Когуту] даводзілася не толькі рамантаваць коміны, але і чысціць іх. Такой справай ён займаўся далей ад сваёй вёскі, бо гэта работа была не ганаровая. Камінар! Чарнышэвіч. Будзе чысціць камінар Стылы комін важна, Каб не ўзнік пажар, — Абмяце ён сажу. Блатун.

камі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каміна. Камінная рашотка.

каміно́к, ‑нка, м.

1. Памянш.-ласк. да камін.

2. Абл. Лямпавае шкло. Хадосся падбегла, узяла ў Каленіка з рук камінок і выцерла яго. Лобан.

Камінтэ́рн, ‑а, м.

Камуністычны Інтэрнацыянал.

камісава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак. і незак.

Разм. Вызваліцца (вызваляцца) на медыцынскай камісіі ад ваеннай службы, работы і пад. па стану здароўя.

камісава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак. і незак.; каго-што.

Разм.

1. Агледзець (аглядаць) каго‑н. на медыцынскай камісіі для вызначэння стану здароўя. Урачы ўважліва камісуюць дапрызыўнікаў.

2. Вызваліць (вызваляць) на медыцынскай камісіі ад ваеннай службы, работы і пад. па стану здароўя. Камісаваць раненага.

каміса́р, ‑а, м.

1. Кіруючая асоба з грамадска-палітычнымі, арганізацыйнымі, адміністрацыйнымі функцыямі. Батальённы камісар. Ваенны камісар. Народны камісар. □ У вайну Пракоп Пракопавіч партызаніў: спачатку быў камандзірам атрада, .. пасля — камісарам брыгады. Шамякін.

2. За мяжой і ў Расіі ў 18 — пачатку 20 стст. — чыноўнік, які выконвае паліцэйскія функцыі; прыстаў. Пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць. Колас.

[Фр. commissaire.]

каміса́раў, ‑ава.

Які належыць камісару. [У Зосі] раслі надзеі на камісаравы словы і прыхільнасць да яго. Чорны.

каміса́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камісара. Камісарскі пост. Камісарскія абавязкі.