Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

за́гсаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да загса, належыць яму. Загсаўскі работнік. □ У гэтыя дні Зыбін, нарэшце, па ўсіх загсаўскіх законах ажаніўся з Жэняй. Мележ.

загу́ба, ‑ы, ж.

Разм. Гібель, смерць. А пад небам — рой крылаты — Самалётаў цэлы вырай. Як зірнеш, дык ажно люба, Галава аж ходам ходзіць! Во дзе ворагу загуба, Калі ўздумае нам шкодзіць! Купала.

загубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.

Разм.

1. Згубіцца, загінуць, прапасці. Чамусьці на ліст не атрымала [Ганна] адказу — пэўна загубіўся. Гартны.

2. Стаць нябачным сярод каго‑, чаго‑н., знікнуць з вачэй. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас.

3. перан. Аказацца непрыметным, закінутым сярод чаго‑н. Загубіўся і здаецца закінутым і ўсімі забытым у таежнай глушы невялікі домік пуцявога абходчыка. Васілевіч. Маленькая сонная вёска загубілася ў лесе. С. Александровіч.

загубі́ць, ‑гублю, ‑губіш, ‑губіць; зак., каго-што.

1. Давесці да гібелі, смерці; пагубіць. Загубіць чалавека. □ У калідоры пачуўся дзікі крык гаспадыні: — Эдвар, што ты робіш?! Ты нас усіх загубіш! Маўр.

2. Марна, без карысці патраціць (час, грошы і пад.). Процьму грошай на дарогу марна загубіла. Колас.

•••

Загубіць жыццё чыё — зрабіць няшчасным, бязрадасным чыё‑н. існаванне.

загу́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загубіць.

загугні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Разм. Пачаць гугніць. // Гугнява прагаварыць; прагугніць. «Шпік» тым часам праціснуўся да Змітрака і кпліва загугніў: — Што, праглынуў язык? Бажко.

загугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; зак.

Пачаць гугнявіць. // Гугнява прагаварыць; прагугнявіць. — Ну, памятай, Пятрас! — загугнявіў .. [Парэчкус] і закульгаў перад міліцыянерам. Броўка.

загудзе́ць, ‑гуджу, ‑гудзіш, ‑гудзіць; ‑гудзім, ‑гудзіце, ‑гудзяць; пр. загудзеў, ‑дзела.

Пачаць гудзець. // Прагудзець. Адзін і другі раз сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Брыль.

загудрані́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загудраніраваць.

загудрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Пакрыць гудронам. Загудраніраваць дарогу.