Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. загрыз, ‑ла; зак., каго.

1. Грызучы зубамі, давесці да смерці; разарваць. Ваўкі загрызлі каня.

2. перан. Разм. Змучыць, давесці да цяжкага душэўнага стану папрокамі, прыдзіркамі і пад. — Глядзі ж не забудзься каня папасвіць, а то Рыгор загрызе нас з табою. Якімовіч. // Замучыць (пра пачуцці). — Ох, унучак, хаця ў сумлення і няма зубоў, але яно можа загрызці да смерці. Капусцін.

загрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Пачаць грымець. // Грымнуць, прагрымець. На станцыі загрымеў стрэл. Шамякін. — Дзе арыштант? — загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты. Колас.

2. Разм. З грукатам упасці, зваліцца. Удар прыйшоўся крыху занізка, і ўсё ж Віктар загрымеў уніз па прыступках. Асіпенка.

загрымірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Пакласці на свой твар грым; загрыміраваць сябе. Артысты загрыміраваліся.

загрымірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.

Пакласці грым на каго‑, што‑н.; надаць каму‑н. з дапамогай грыму іншы знешні выгляд. Загрыміраваць артыстаў.

загрыміро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да загрыміравацца.

2. Зал. да загрыміроўваць.

загрыміро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загрыміраваць.

загрыпава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак.

Разм. Захварэць на грып.

загрэ́бці 1 і заграбці́ 1, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. загроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак.

1. Зак. да заграбаць.

2. каго. Разм. Схапіць, арыштаваць; раптоўна забраць куды‑н. [Павал Няміра:] Э, паночку! На той белы білет, што вы мне выклапаталі, ніхто і глядзець не захацеў. Месяцы два таму назад мяне зноў былі загрэблі ў войска. Чорны.

загрэ́бці 2 і заграбці́ 2, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. загроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак.

Пачаць грэбці, грабці.

загрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак., каму.

Разм. Моцна ўдарыць; агрэць. Загрэць па шыі.

загс, ‑а, м.

Аддзел выканкома, які рэгіструе факты нараджэння, смерці, шлюбу, разводу і пад.

[З пачатковых літар слоў: запіс актаў грамадзянскага стану.]