катле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Памянш. да катлета; невялікая катлета.
катле́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катлеты, прызначаны для катлет. Катлетнае мяса.
катло́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катла (у 1, 2 знач.).
като́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Адмоўна зараджаны электрод; проціл. анод.
2. Электрод электравакуумных і газаразрадных прыбораў, які вылучае электроны.
[Ад грэч. káthodos — шлях уніз.]
като́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катода.
•••
Катодная лямпа гл. лямпа.
Катодныя прамяні гл. прамень.
като́к 1, ‑тка, м.
1. Пакрытая лёдам гарызантальная пляцоўка для катання на каньках. А на катку кружыліся, праносіліся віхрам канькабежцы. Шыцік.
2. У будаўніцтве — прычапная ці самаходная машына, якая ўласнай вагою ўшчыльняе грунт, дарожныя пакрыцці і інш. На тэрыторыі завода з’явіліся вялікія каткі: заўтра пачнуць асфальтаваць галоўны праезд. «Беларусь».
3. Сельскагаспадарчая прылада для выраўноўвання глебы і здрабнення на ёй коркі.
4. Круглая драўляная калодка, на якой перакочваюць цяжкія прадметы. Перакочваць бярвенне на катках. □ Васілінка знаходзіць драўляны каток, бярэ ў запечку вілкі.., падважвае імі чыгун. Ус.
5. Абл. Кола (у 1 знач.). Дзесьці наперадзе плюхаў па лужынах конь, а каткі каціліся роўна, і шуршэў пад каткамі вільготны пясок. Галавач.
като́к 2, ‑тка, м.
1. Памянш.-ласк. да кот.
2. Ласкавы зварот да хлопчыка. — Ну, цяпер, каток ты мой, — казаў дзед да Андрэйкі, — аддасі мне свісцёлку на той час, пакуль ліст напішаш. Бядуля.
като́к 3, ‑тка, м.
Суквецце дробных кветак у выглядзе маленькіх пушыстых тронак (на вярбе, лазе і інш.). Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонны і склікаючы пчолак і чмелікаў. Колас.
като́лік, ‑а і каталі́к, ‑а, м.
Той, хто прыняў каталіцтва і прытрымліваецца ўсіх абрадаў каталіцкай царквы. Католікаў у Марока мала, і касцёл з яго цудоўнай акустыкай амаль заўсёды пустуе. В. Вольскі.
[Ад грэч. katholikós — усеагульны, галоўны.]
като́ры, ‑ая, ‑ае; займ.
1. пытальны. Які іменна, які з некалькіх? — Каторы агрэгат пойдзе першы? Хачу сам праехаць на сеялцы. Дуброўскі. // Які па парадку (пры падліку)? — А ты ў каторы клас хадзіў? — Хадзіў у чацвёрты і экзамены здаў. Чарнышэвіч.
2. неазначальны. Які-небудзь, некаторы. У гадах жанчына, а наўрад ці ўгоніцца за ёю каторы і малады. Даніленка.
3. неазначальны (звычайна са словамі «раз», «дзень», «год» і інш.). Не першы, не адзін. Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. Люба вось ужо каторую зіму вучыцца ў гімназіі. Мурашка. // Доўгі, працяглы (час). — Дажджу каторы час няма... І што гэта, хлопча, будзе?.. Брыль.
4. неазначальны; часцей мн. Разм. Паасобныя, некаторыя. Каторыя мужчыны дык хадзілі глядзець тую канаву, што выканаў Мікодым. Сабаленка. // Пры паўтарэнні ў пачатку кожнага сказа абазначае: адзін... другі... На картках там Дочкі яе і сыны. Каторая з дзіцем, Каторыя з сям’ёй, Каторая — ў школе, Каторы — герой! Броўка.
•••
Каторая пара гл. пара.
Куды каторы — у розныя бакі (разбегчыся, разляцецца і пад.).
като́ры-не́будзь, ‑ая-небудзь, ‑ае-небудзь; займ. неазначальны.
Які-небудзь, хто-небудзь, адзін з некалькіх, з многіх.
като́ўня, ‑і, ж.
Месца допыту і катавання арыштаваных у фашысцкіх і жандармскіх установах, засценках 1. Катоўня дэфензівы. Катоўня гестапа. □ Зэнка стаяла на сярэдзіне змрочнай катоўні і перакладала ўсё, што Апанас гаварыў пра свайго бацьку. Бажко.