Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кара́кі, ‑аў; адз. карак, ‑а, м.; карачка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. карачкі, ‑чак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Каракскай аўтаномнай акругі Камчацкай вобласці РСФСР.

кара́кскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карака, каракаў, належыць ім. Каракская мова. Каракскі пасёлак.

кара́кулевы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з каракулю. Каракулевы каўнер. Каракулевая папаха.

кара́кулі, ‑куль; адз. каракуля, ‑і, ж.

Неразборлівыя, няўмела або нядбайна напісаныя літары. Дзіцячыя каракулі. □ Зоя часта круцілася і штурхалася, ад чаго ў Галі з-пад пяра выскаквалі не літары, а нейкія смешныя каракулі. Якімовіч.

[Ад цюрк. кара — чорны і кол — рука, почырк.]

кара́куль, ‑ю, м.

Шкурка ягнят каракульскіх авечак з кароткай пакручастай шэрсцю шэрага або чорнага колеру. Чорны каракуль. Каўнер з шэрага каракулю. □ [Сачыўка] быў ужо ў зімовым паліто з чорным каракулем. Ермаловіч.

[Ад геагр. назвы.]

кара́кульскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: каракульская авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.

каракульча́, ‑ы, ж.

Шкурка неданошаных ягнят каракульскіх авечак.

каракуляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па каракуляводству.

каракуляво́дства, ‑а, н.

Развядзенне каракульскіх авечак.

каракуляво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каракуляводства. Каракуляводчы саўгас.