казуі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. У юрыспрудэнцыі — прымяненне агульных артыкулаў закона да розных юрыдычных выпадкаў.
2. Кніжн. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне да асобных выпадкаў агульных дагматычных палажэнняў.
3. перан. Уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.
[Ад лац. casus — выпадак.]
казуісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на казуістыцы. Казуістычная тэалогія. Казуістычныя тонкасці. □ — Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя, — хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй. Колас.
казу́ля, ‑і, ж.
Парнакапытная жывёліна сямейства аленевых; дзікая каза. Вось выбегла на дарогу лёгкая, стройная, рыжая казуля, павяла вушамі, скокнула ўбок і знікла ў гушчары. Гурскі.
казуляня́, і казулянё, ‑няці; мн. казуляняты, ‑нят; м.
Дзіцяня казулі.
ка́зус, ‑у, м.
1. Складаная, заблытаная справа ў судовай практыцы.
2. Разм. Незвычайны, недарэчны выпадак. — А ў вайну са мной такі выйшаў казус, што чуць з сораму не згарэў... Ракітны.
[Лац. casus.]
ка́зусны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казусу, з’яўляецца казусам. Казусны выпадак. Казусная справа.
казыра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. казыраць 2.
казыра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Хадзіць з казырнай карты.
2. перан.; чым. Выстаўляць што‑н. як сваю перавагу; выхваляцца чым‑н. [Лабановіч] прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Колас. — А ты, хлопча, не дужа казырай сваімі ведамі, бо ведаеш усё гэта з газет. Скрыпка.
казыра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Вітаць па-вайсковаму, прыкладваючы руку да казырка. Дзяўчына-яфрэйтар.. паказвала дарогу кожнай машыне і, спрытна перахапіўшы сцяжкі ў левую руку, казырала. Шамякін.
казырка́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікім казырком. Андрэйчыкаў Хведар.. выпрасіў у Васіля казыркастую флоцкую фуражку. М. Стральцоў.
казырко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казырка, з казырком (у 1 знач.). Прыгладзіў узвіхраныя ветрам валасы, ускінуў на іх салдацкую казырковую шапку. Галавач.