Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зале́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які падпарадкуецца чыёй‑н. уладзе, волі, знаходзіцца ў залежнасці. Залежныя краіны. □ [Алесь] не хацеў верыць гэтаму, бо надакучыла быць залежным, схіляцца перад кожным. Чарнышэвіч. // Абумоўлены чым‑н., звязаны чужой воляй. Залежнае становішча.

2. Які выражае залежнасць (у 3 знач.). Залежнае слова.

3. Здольны паказваць на тое, што аб’ект дзеяння ў сказе з’яўляецца дзейнікам, а суб’ект — прыладай дзеяння (пра дзеяслоўныя формы, канструкцыі і пад.). Залежны стан дзеяслова. Дзеепрыметнік залежнага стану. Залежная канструкцыя.

зале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. залез, ‑ла; заг. залезь; зак.

1. Забрацца на што‑н., за што‑н., у што‑н., пад што‑н. Залезці на дрэва. Залезці за стол. Залезці ў кабіну. Залезці пад коўдру. □ Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Асіпенка. // Разм. Увайсці, заглыбіцца ў што‑н. Залезці ў ваду па калені. // перан. Далёка зайсці ў сваіх дзеяннях, гаворцы і пад. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, .. але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга было ўжо выбрацца. Шахавец.

2. Пранікнуць, прабрацца куды‑н. употай. Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном: — Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі! Якімовіч. // Разм. Пранікнуць, забрацца рукой, лапай і пад. куды‑н. Залезці ў кішэню. // перан. Незаконна ўзяць, прысвоіць сабе што‑н. чужое. — Вельмі ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Шамякін.

3. Разм. Заняць якую‑н., звычайна даходную або высокую пасаду. — Сволач!.. У трывожныя часы, калі рэспубліцы пагражалі ворагі, небяспека, у Мінскі ваенкамат залез, а тады настаўнікам быў. Нікановіч.

4. Забрацца за мяжу чаго‑н. Невядома праз што пасварыўся.. [Язэп] са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.

•••

Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) — многа напазычаць.

Залезці (улезці) у душу — а) увайсці, уцерціся ў чыё‑н. давер’е; б) шляхам надакучлівых распытванняў пранікнуць у асабістае, інтымнае жыццё каго‑н.

заленава́цца, ‑лянуюся, ‑лянуешся, ‑лянуецца; зак.

Разм.

1. Не захацець што‑н. рабіць з-за ляноты; адчуць, праявіць ляноту. Заленаваўся пайсці ў школу.

2. Зрабіцца гультаём.

зале́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заліць ​2.

зале́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заляпіць.

зале́плівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заляпіцца.

2. Зал. да залепліваць.

зале́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заляпіць.

залепята́ць, ‑лепячу, ‑ляпечаш, ‑ляпеча; зак.

Пачаць лепятаць. // Пралепятаць. Стараста, пажылы, злыселы мужчына, лісліва пакланіўся, нешта залепятаў, а калі выпраміўся, дык раптам збялеў. Казлоў.

зале́сіць, ‑лешу, ‑лесіш, ‑лесіць; зак., што.

Спец. Засадзіць лесам. Залесіць пясчаныя глебы.

зале́сны, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны за лесам. Дзесьці ў залеснай вёсцы спявалі. Чорны.