зале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. залез, ‑ла; заг. залезь; зак.

1. Забрацца на што‑н., за што‑н., у што‑н., пад што‑н. Залезці на дрэва. Залезці за стол. Залезці ў кабіну. Залезці пад коўдру. □ Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Асіпенка. // Разм. Увайсці, заглыбіцца ў што‑н. Залезці ў ваду па калені. // перан. Далёка зайсці ў сваіх дзеяннях, гаворцы і пад. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, .. але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга было ўжо выбрацца. Шахавец.

2. Пранікнуць, прабрацца куды‑н. употай. Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном: — Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі! Якімовіч. // Разм. Пранікнуць, забрацца рукой, лапай і пад. куды‑н. Залезці ў кішэню. // перан. Незаконна ўзяць, прысвоіць сабе што‑н. чужое. — Вельмі ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Шамякін.

3. Разм. Заняць якую‑н., звычайна даходную або высокую пасаду. — Сволач!.. У трывожныя часы, калі рэспубліцы пагражалі ворагі, небяспека, у Мінскі ваенкамат залез, а тады настаўнікам быў. Нікановіч.

4. Забрацца за мяжу чаго‑н. Невядома праз што пасварыўся.. [Язэп] са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.

•••

Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) — многа напазычаць.

Залезці (улезці) у душу — а) увайсці, уцерціся ў чыё‑н. давер’е; б) шляхам надакучлівых распытванняў пранікнуць у асабістае, інтымнае жыццё каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)