Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закамуфлі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Спец. Замаскіраваць шляхам афарбоўкі, якая скажае абрысы прадмета. Закамуфліраваць будынак.

закамяне́ласць, ‑і, ж.

Стан, уласцівасць закамянелага. Закамянеласць грунту. □ Цяпер з яе твару ўжо знікла закамянеласць, зноў з’явілася нешта дзіцячае. Марціновіч.

закамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Зацвярдзелы, цвёрды, як камень. Закамянелая зямля. Закамянелая смала.

2. перан. Знямелы, застылы. Закамянелы твар. □ [Косцік] стаяў, не кратаючыся з месца, увесь закамянелы. Баранавых.

закамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым, як камень. Дыхнула сцюжа, і за якія-небудзь суткі зямля закамянела, а рэчку закавала ільдом. Хомчанка. Закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Грахоўскі.

2. перан. Знямець, застыць. Пан Пшыбыльскі .. сеў побач з жонкай і таксама, як і яна, надзьмуўся і закамянеў. Шынклер. Марына не запомніла ні слоў, ні твараў. Сэрца закамянела, і яна не плакала. Б. Стральцоў.

закана... (гл. закона...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «закона...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: заканазнаўства, заканадавец.

заканада́вец, ‑даўца, м.

1. Той, хто ўкладае законы.

2. перан. Той, хто аказвае ўплыў на ўстанаўленне норм грамадскіх паводзін, моды і пад. Заканадавец мод.

заканада́ўства, ‑а, н.

1. Укладанне і выданне законаў. Пытанні заканадаўства.

2. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў цэлым або якую‑н. адну галіну грамадскіх адносін. Савецкае заканадаўства. Працоўнае заканадаўства. Фінансавае заканадаўства.

заканада́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з укладаннем і выданнем законаў. Заканадаўчая ўлада. Заканадаўчы орган. Заканадаўчы акт.

•••

Заканадаўчая ініцыятыва гл. ініцыятыва.

заканазна́вец, ‑знаўца, м.

Спецыяліст у галіне заканазнаўства; юрыст.

заканазна́ўства, ‑а, н.

Сукупнасць звестак аб законах (у 1 знач.) як прадмет выкладання.