калянда́р, календара, м.
1. Даведачнае выданне ў выглядзе кнігі, брашуры ці асобных лістоў друкаванага матэрыялу, якое змяшчае паслядоўны пералік дзён, тыдняў і месяцаў года з абазначэннем памятных і святочных дат, звычайна з тэкстам. Насценны каляндар. Адрыўны каляндар. // Спецыяльнае даведачнае выданне, у якім у храналагічным парадку даюцца звесткі з той або іншай галіны жыцця, ведаў. Каляндар прыроды. Каляндар школьніка. Каляндар жанчыны.
2. Сістэма лічэння дзён у годзе. Рэформа календара.
3. Размеркаванне па днях, месяцах асобных відаў дзейнасці. Вытворчы каляндар. Каляндар спаборніцтваў.
•••
Грыгарыянскі каляндар — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г. пры папе Грыгорыі XIII замест юліянскага календара, або т. зв. старога стылю.
Юліянскі каляндар — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. рымскім імператарам Юліем Цэзарам.
[Лац. calendarium.]
калянда́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да календара. Каляндарны лісток. Каляндарная дошчачка.
2. Які вызначаецца па календары. Каляндарныя тэрміны. Каляндарны план.
каля́ндра, ‑ы, ж.
Род аднагадовых травяністых эфіраносных раслін сямейства парасонавых, якія скарыстоўваюцца як прыправа.
[Лац. coriandrum.]
каля́ндравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каляндры. Каляндравае насенне.
каля́ны, ‑ая, ‑ае.
Цвёрды, грубы навобмацак; лубяны, нягнуткі. Каляная матэрыя. Каляны кажух. □ Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Жорсткі, калючы. Хмарынкі на небе ператвараліся ў хмары і сыпалі дажджом і калянымі крупінкамі снегу. Хадкевіч.
каляпло́днік, ‑а, м.
Сценка плода ў раслін, якая абкружае насенне.
каляпло́дны, ‑ая, ‑ае.
Які абкружае плод. Каляплодная вадкасць. Каляплодны мяшок.
каляро́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць каляровага (у 1 знач.); рознакаляровасць. Над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачамі. Чорны.
2. Наяўнасці, таго або іншага колеру ў чым‑н. Шкала каляровасці вады. Каляровасць вады. Каляровасць прамянёў сонца.
каляро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.
2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.
3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.
•••
Каляровыя металы гл. метал.
калясардэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца вакол сэрца, абкружае сэрца. Калясардэчная сумка.