Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Ціскаючы, змучыць. Як толькі Сашка з маці прыехалі ў Багатую Граду да дзеда Мікалая, бабуля Вікця.. ледзь не заціскала ў абдымках унука. Даніленка.

заціска́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑ае.

Незак. да заціснуць.

заціска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Прыстасаванне для заціскання. Вінтавая заціскачка.

заціскны́, ‑ая, ‑ое.

Які прызначаецца, служыць для заціскання. Заціскны механізм.

заці́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заціснуць.

заці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. З цяжкасцю прабрацца куды‑н., залезці ў што‑н. цеснае, вузкае. Перад самым адыходам цягніка ў вагон заціснулася невядомага ўзросту жанчына. Пянкрат.

заці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы з усіх бакоў, затрымаць дзе‑н., у чым‑н.; зашчаміць. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Колас. Малая рука пацягнулася недаверліва, узяла і заціснула ў жмені старую, ужо не хрусткую паперку. Брыль. // перан. Шчыльна акружыўшы, не даць дзейнічаць. [Звяно Сцяпанава] заціснула двух варожых знішчальнікаў, гнала іх наўскасяк ад возера. Алешка.

2. Сціснуўшы, прыціснуўшы чым‑н., шчыльна заткнуць (адтуліну). Заціснуць вушы далонямі. Заціснуць рану тампонам.

3. Сціснуўшы, паменшыць у аб’ёме; зрабіць больш тугім. Андрэй склаў трасянку ў рэзгіны, заціснуў яе. Чарнышэвіч. Сонечка прыгладзіла валасы, падправіла іх пад хустку і тужэй заціснула вузел пад барадою. Пестрак.

4. Разм. Ціскаючы, змучыць; прыдушыць. Заціснуць у натоўпе. // перан. Паставіць у крайне цяжкія абставіны; задушыць. Хай жа вам так не здаецца, Што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, І маланкай доля блісне. Купала.

5. перан. Перашкодзіць развіццю, праяўленню чаго‑н. Заціснуць крытыку. Заціснуць ініцыятыву.

•••

Заціснуць рот каму — прымусіць замаўчаць.

заці́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць ціўкаць.

заціха́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. заціхаць — заціхнуць.

заціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заціхнуць.

заці́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які заціх, перастаў гучаць або чуцца. Вечарам у Дзень перамогі на ўзлессі за мястэчкам успыхнуў вялізны касцёр і пошчакам панесліся па заціхлым лесе гукі піянерскага горна. Нядзведскі. Заціхлы матыў песні аб запаветнай кветцы ўзнікае зноў. Вітка.