заці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы з усіх бакоў, затрымаць дзе‑н., у чым‑н.; зашчаміць. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Колас. Малая рука пацягнулася недаверліва, узяла і заціснула ў жмені старую, ужо не хрусткую паперку. Брыль. // перан. Шчыльна акружыўшы, не даць дзейнічаць. [Звяно Сцяпанава] заціснула двух варожых знішчальнікаў, гнала іх наўскасяк ад возера. Алешка.

2. Сціснуўшы, прыціснуўшы чым‑н., шчыльна заткнуць (адтуліну). Заціснуць вушы далонямі. Заціснуць рану тампонам.

3. Сціснуўшы, паменшыць у аб’ёме; зрабіць больш тугім. Андрэй склаў трасянку ў рэзгіны, заціснуў яе. Чарнышэвіч. Сонечка прыгладзіла валасы, падправіла іх пад хустку і тужэй заціснула вузел пад барадою. Пестрак.

4. Разм. Ціскаючы, змучыць; прыдушыць. Заціснуць у натоўпе. // перан. Паставіць у крайне цяжкія абставіны; задушыць. Хай жа вам так не здаецца, Што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, І маланкай доля блісне. Купала.

5. перан. Перашкодзіць развіццю, праяўленню чаго‑н. Заціснуць крытыку. Заціснуць ініцыятыву.

•••

Заціснуць рот каму — прымусіць замаўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)