Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зану́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Пагард.

1. Пра слабага, заняпалага, непрыгляднага чалавека, жывёліну і пад. Адна цяпер снасціна — вуда, А з вудай ты — паўрыбака: Бярэцца розная зануда. І рэдка.. [зловіш] шчупака. Колас.

2. Пра дакучлівага, шкадлівага чалавека. Пасля бліснула папяроса, і даляцела: — Вунь ён, пісака!.. Яго ўжо абязвечыў нехта... Зануда негабляваная! Пташнікаў.

занудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і занудзіцца. Без пэўных заняткаў было нудна, Толя занудзеў і нават паблажэў. Мікуліч.

занудзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак., па кім-чым і без дап.

Засумаваць, замаркоціцца. Занудзіцца па родным доме. □ Занудзіўся небарака, Замаркотнела чало, І не вытрымаў, заплакаў, Што няшчасце прыплыло. Броўка. — Ты не ведаеш, як мне хочацца ўгледзець цябе і хоць перакінуцца адным слоўцам. Здаецца б, весялей стала на душы, якая занудзілася ад адзіноты. Сабаленка.

зану́дзіць, ‑іць; безас. зак.

Пачаць нудзіць.

зану́длівы, ‑ая, ‑ае.

Пагард.

1. Слабы, заняпалы, непрыглядны. Занудлівы чалавек.

2. Дакучлівы, шкадлівы. Хацелася кінуць млын, Адэлю, дачку і гэтага занудлівага пана, які надакучаў павучаннямі. Асіпенка.

зану́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць нукаць.

занумарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад занумараваць.

занумарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе.

Зак. да нумараваць.

занумаро́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да занумароўваць.

занумаро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да занумараваць.