залга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; зак.
Разм. Заблытацца ў ілганні, хлусні.
зале́ва, ‑ы, ж.
Абл. Заліўны дождж; лівень. Пагаслі ў вірах бліскавіцы, Залева прайшла па лясах. Калачынскі. Густая залева секла мяккае лісце дрэў, хвастала парканы і дахі, змывала з тратуараў бруд і пыл. Савіцкі.
зале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. залёг, ‑лягла, ‑ло; заг. заляж; зак.
1. Легчы на працяглы час, надоўга. Залегчы спаць. □ У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // Легчы за якое‑н. прыкрыццё, схаваўшыся, прытаіўшыся. Прыйшлося адразу залегчы, бо кулі пачалі адшчэп[лі]ваць сухую кару над самай галавой. Кулакоўскі. Хлапчукі асцярожна падкраліся да хлява і заляглі ў вішняку. Ваданосаў.
2. перан. Пакрыць якую‑н. плошчу, тэрыторыю. Ноч падыходзіць. За вокнамі Зноў заляглі бясконца снягі. Караткевіч. // Размясціцца ў зямной кары (пра выкапні). Ажно ў нетрах .. [зямлі] заляглі Скарбы вугалю, нафты і солі. Аўрамчык.
3. Абазначыцца, утварыцца (пра маршчыны і пад.). Вакол вачэй у старшыні заляглі вялікія чорныя кругі. Навуменка.
4. перан. Глыбока запасці ў душу, у сэрца (пра пачуцці). Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Колас. Звестка гэта абразіла Ціхана. Пад самым сэрцам залягло нейкае агіднае пачуццё. Дуброўскі.
5. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў носе, у грудзях. Нос залёг. / у безас. ужыв. Пад вечар адчуў, што залягло ў носе, уначы закашляў, а назаўтра сціснула ў грудзях. Гроднеў.
заледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты лёдам; абледзянелы. За акном бушавала завіруха, на заледзянелыя шыбы сыпаўся снег. Лупсякоў. // Азяблы, халодны як лёд. Заледзянелыя рукі.
заледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Пакрыцца лёдам; абледзянець. Закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Грахоўскі. // Азябнуць, зрабіцца халодным як лёд. Ногі заледзянелі.
заледзяні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Замарозіць, накрыць ільдом. За ноч сажалку заледзяніла.
за́леж, ‑у, м.
1. Цалінная або ворная зямля, якая даўно не апрацоўвалася; аблога. Узараць залеж.
2. звычайна мн. (за́лежы, ‑аў). Месца залягання карысных выкапняў. Залежы каменнага вугалю. Залежы торфу. Залежы медзі.
3. звычайна мн. (за́лежы, ‑аў). Няходкі, заляжалы тавар. Залежы тавараў на складах.
зале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., ад каго-чаго.
1. Быць падпарадкаваным чыёй‑н. уладзе, волі. — Вучыцца трэба, Лявон.. — Каб усё ад мяне аднаго залежала, я не ламаў бы галавы. Чарнышэвіч. — Табе, па-мойму, не варта сварыцца са мною. Бо залежу ўсё-такі не я ад цябе.., — ужо з пагрозаю сказаў Кашын. Карпаў.
2. Быць абумоўленым якімі‑н. абставінамі, прычынамі; з’яўляцца вынікам чаго‑н. [Вялічку] штосьці рупіла, быццам ён стараўся і ўспомніць тое важнае, ад чаго залежаў яго лёс. Чорны. Ад .. разведкі залежала вельмі многае. Кулакоўскі.
3. Быць звязаным падпарадкавальнай сувяззю з галоўным словам ці сказам. Прыметнік залежыць ад назоўніка. Даданы сказ залежыць ад галоўнага.
зале́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да заляжацца.
зале́жнасць, ‑і, ж.
1. Падпарадкаванасць чужой уладзе, волі. Прыгонная залежнасць. Быць у залежнасці. □ [Пілацееў] адчуў сваю залежнасць .. ад шматлікіх, непадуладных яму сіл, у прыватнасці і ад незнаёмага рыжага насільшчыка. Галавач.
2. Абумоўленасць чаго‑н. якімі‑н. абставінамі, прычынамі. [Дзядам] досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай — І высокі вырасце і авёс. Колас.
3. Спосаб злучэння слоў або сказаў, які выражае падпарадкаванасць аднаго слова ці сказа другому. Залежнасць прыметніка ад назоўніка. Залежнасць даданага сказа ад галоўнага.