зале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. залёг, ‑лягла, ‑ло; заг. заляж; зак.

1. Легчы на працяглы час, надоўга. Залегчы спаць. □ У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // Легчы за якое‑н. прыкрыццё, схаваўшыся, прытаіўшыся. Прыйшлося адразу залегчы, бо кулі пачалі адшчэп[лі]ваць сухую кару над самай галавой. Кулакоўскі. Хлапчукі асцярожна падкраліся да хлява і заляглі ў вішняку. Ваданосаў.

2. перан. Пакрыць якую‑н. плошчу, тэрыторыю. Ноч падыходзіць. За вокнамі Зноў заляглі бясконца снягі. Караткевіч. // Размясціцца ў зямной кары (пра выкапні). Ажно ў нетрах .. [зямлі] заляглі Скарбы вугалю, нафты і солі. Аўрамчык.

3. Абазначыцца, утварыцца (пра маршчыны і пад.). Вакол вачэй у старшыні заляглі вялікія чорныя кругі. Навуменка.

4. перан. Глыбока запасці ў душу, у сэрца (пра пачуцці). Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Колас. Звестка гэта абразіла Ціхана. Пад самым сэрцам залягло нейкае агіднае пачуццё. Дуброўскі.

5. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў носе, у грудзях. Нос залёг. / у безас. ужыв. Пад вечар адчуў, што залягло ў носе, уначы закашляў, а назаўтра сціснула ў грудзях. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)