за́варацень, ‑ратня і за́верцень, ‑ртня, м.
Вяроўка, дрот і пад., якімі прымацоўваецца да саней аглобля. Калі закручваў [Васіль] аглоблі, завертні так трашчалі, што здавалася — вось-вось лопнуць. Мележ.
зава́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны, служыць для заваркі.
зава́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заварваць — заварыць і стан паводле знач. дзеясл. заварвацца — заварыцца.
зава́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заварыцца.
2. Зал. да заварваць.
зава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заварыць.
зава́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. заварваць — заварыць (у 1, 2 знач.). Заварка чаю. Заварка тканіны.
2. Разм. Сухі чай, які заварваюць у чайніку. Усыпаць у чайнік заварку. // Настой, які атрымліваецца ў выніку заварвання. Наліць заваркі ў шклянку. Чай з заваркай.
заварны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які прыгатоўваецца папярэдняй варкай, заваркай прадуктаў. Заварное пірожнае. Заварное цеста.
2. Прызначаны для заваркі. Заварны чан.
заваро́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заваражыць.
2. у знач. прым. Зачараваны. Іван Мацвеевіч у захапленні. Ён заварожаны, загіпнатызаваны. Бядуля.
заваро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заваражыць.
заваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Рэзкая змена напрамку руху; паварот (у 1 знач.). Вось і канец поля, жняярка робіць тут заварот. Лупсякоў. Ля пад’езда загудзела машына і, зрабіўшы заварот, ірванулася ад штаба. М. Ткачоў.
2. Месца, дзе змяняецца напрамак; паварот. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Колас.
•••
Заварот кішак — непраходнасць кішэчніка, выкліканая перакручваннем кішачных петляў.