Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каля́днік, ‑а, м.

Той, хто калядуе, ходзіць па калядзе. Скамарошніцтва ў Беларусі развівалася шляхам прафесіяналізацыі найбольш таленавітых арганізатараў народных гульняў і прадстаўленняў: сваты, каляднікі, валачобнікі і г. д. «Беларусь».

каля́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Калядная пара; калядная ноч. Ражок хусткі ўвачавідкі рудзее, бы гэта яна, Наста, тупае не за возам па грэблі, а дома ля чалесніка ў калядніцу. Пташнікаў. Тое, чаго такароўцы пужаліся болей ста год падрад — ад дзядоў да ўнукаў і праўнукаў — насунулася раптам на іх, як воўк на дарозе ў калядніцу на адзінокага падарожніка. Бядуля.

каля́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каляд; такі, які бывае на каляды. Калядныя песні. Калядныя маразы. □ Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад пуху зямельцы снуе. Купала.

калядо́ўшчык, ‑а, м.

Тое, што і каляднік. Мы, малыя, цэлым натоўпам бегалі за калядоўшчыкамі, любаваліся казою, слухалі музыку і песні. Якімовіч.

каля́ды, ‑ляд; адз. няма.

Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча.

калязямны́, ‑ая, ‑ое.

Які размяшчаецца, знаходзіцца каля Зямлі або вакол Зямлі. Калязямная арбіта.

каляі́на, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.

2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.

3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.

•••

Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.

Выбіць з каляіны гл. выбіць.

Увайсці ў каляіну гл. увайсці.

каляі́ністы, ‑ая, ‑ае.

З глыбокімі каляінамі. Увесь час снілася яму вельмі няўдалая язда на «Масквічы» па разбітай, каляіністай дарозе. Кулакоўскі.

калякве́тнік, ‑а, м.

Частка кветкі (чашачка і вяночак), якая абкружае тычынкі і песцік.

каля́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць калянага. [Брызент] даўно страціў калянасць і парабіўся на дзіры. Лынькоў.