Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахі́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пахіліць.

пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.

2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.

3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.

пахілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. [Рабочы] пахіліў .. [бочку], перакаціў на якога паўметра і рэзка апусціў на днішча. Лынькоў. Тут Сымонка скрыпку вын[я]ў, Чуць галоўку пахіліў І зайграў, ды так прыўдала, Як ніколі не іграў. Колас.

2. безас. Пацягнуць да каго‑, чаго‑н., на што‑н. Мінулі лета, восень, зіма, пайшло другое лета, а Хадоську не пахіліла да людзей. Мележ. Закружылася ў Адася галава, пахіліла на сон. Гурскі.

пахі́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пахіліўся, нагнуўся. Сеў Музыка каля броду, Пад бярозаю пахілай. Танк. Вера прыгадала даўняе дзяцінства. Пахілую вярбу над сажалкай, сцяну пахучага аеру. Асіпенка. // Які пакасіўся, нахіліўся. Алесь ідзе далей. І раптам паміж добрых хат зусім старэнькая, пахілая, разбітая шыба застаўлена фанерай, паваліліся вароты, бо згнілі шулы. Шамякін. Хата Івана Лобіка — крывабокая, пахілая — яшчэ да вайны была месцам шумных хлапечых зборышчаў. Навуменка.

2. Згорблены (пра чалавека). [Бабейка] сядзеў і дзівіўся, як бацька, зморшчаны і пахілы не па гадах стары.., запіхвае вялікімі кавалкамі ў рот [дранік], прагна і таропка глытае, запіваючы малаком. Хадкевіч.

3. Які паступова паніжаецца; пакаты. [Іван і Джулія] выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак. Быкаў.

пахіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да пахіліць.

пахі́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пахіснуць.

пахісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.

2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. □ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.

3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».

пахісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Хіснуўшы, нахіліць. Вецярок, нахлынуўшы раптоўна, І кусты, і травы пахісне. Прануза. / у безас. ужыв. Пахіснула, З ног яго [Данілку] зваліла, А ў вачах — зялёныя кругі. Бялевіч.

2. перан. Зрабіць менш устойлівым, трывалым. [Лясніцкі:] — [Немцы] хочуць пахіснуць наш аўтарытэт сярод насельніцтва і робяць бандыцкія налёты пад выглядам партызан. Шамякін. Падзеі апошніх часоў пахіснулі .. [Аўгінін] погляд на трываласць пэўнага ладу жыцця. Колас. // Прымусіць усумніцца ў чым‑н., выклікаць няўпэўненасць. Суровыя, напружаныя, часта нават небяспечныя для жыцця дні не пахіснулі нікога ні ў абкоме, ні ў райкомах. Казлоў. // Разладзіць, пагоршыць. Пахіснуць здароўе.

пахіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Хістацца некаторы час.

пахіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Хістаць некаторы час. Шаройка сеў каля стала, агледзеў хату, пахістаў кульгавы стол. Шамякін.

2. Тое, што і пахіснуць (у 2 знач.). Ворагу аказалася не пад сілу пахістаць дружбу савецкіх народаў. «Звязда».