пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.

2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.

3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)