пахіснуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.

2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. ▪ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.

3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)