Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Уст. Від пакарання засуджаных, які заключаецца ў зняволенні і цяжкіх прымусовых работах, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных злачынцаў. Па шырокіх дарогах, закутыя ў ланцугі, ішлі па катаргу людзі і спявалі.. да болю сумныя песні пра Свабоду. Каваль.

2. перан. Пра цяжкую працу, невыноснае жыццё. [Арандатар] уводзіць новыя працоўныя павіннасці, зрабіўшы гэтым самым жыццё сялян яшчэ больш невыноснай катаргай. «Весці».

3. Даўнейшае вёсельнае судна, род галеры, на якім грабцамі былі засуджаныя.

[Ад грэч. katergon — галера.]

катаржа́нін, ‑а; мн. ‑жане, ‑жан; м.

Чалавек, які адбывае катаргу або быў на катарзе. З двара выехала чатыры падводы з багажом, а за імі ў беспарадку даўгоў, чарадой пайшлі катаржане. Галавач.

катаржа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да катаржанін.

ка́таржнік, ‑а, м.

Тое, што і катаржанін. У лесе, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшыя з астрога. Колас.

ка́таржніца, ‑ы, ж.

Жан. да катаржнік.

ка́таржны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катаргі (у 1 знач.). Катаржныя работы.. Катаржная турма. Катаржныя лагеры.

2. перан. Невыносна цяжкі, пакутлівы (пра жыццё, працу). Мільёны людзей жылі ў краіне. Але не было ніводнага кутка ў ёй, дзе б ад катаржнай працы не стагнаў, не плакаў, не спяваў сумных песень паднявольны чалавек. Каваль. Штогадовыя дзяржаўныя падаткі, паборы і павіннасці ў карысць мясцовай адміністрацыі рабілі жыццё [селяніна] катаржным. Алексютовіч.

3. у знач. наз. ка́таржны, ‑ага, м.; ка́таржная, ‑ай, ж. Уст. Тое, што і катаржанін, катаржанка.

катастрафі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць катастрафічнага. Катастрафічнасць становішча.

катастрафі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца катастрофай, вядзе да катастрофы; трагічны. Катастрафічнае становішча. Катастрафічныя памеры. □ — Справы катастрафічныя, Рома, — сказаў .. [Гарышны] хлапцу. — Вада падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны.

катастро́фа, ‑ы, ж.

Раптоўнае вялікае бедства, падзея з трагічнымі вынікамі. Аўтамабільная катастрофа. Авіяцыйная катастрофа. □ — І вось тады, калі на моры здарылася з намі катастрофа, — працягваў Федзя, — мне было сорамна і крыўдна, да жудасці не хацелася гінуць такой бязглуздай, нікчэмнай смерцю. Каваль. // Значная змена, якая цягне за сабой рэзкі пералом у грамадскім або асабістым жыцці. Нацыянальная катастрофа. Сямейная катастрофа.

[Ад грэч. katastrophē — паварот; знішчэнне.]

ка́таўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ката. // Жорсткі, зверскі. Катаўская расправа.