панажыва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Нажыцца, атрымаць прыбытак — пра ўсіх, многіх.
панажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Нажыць паступова што‑н. (пра маёмасць).
панажына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Нажаць многа чаго‑н. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка.
паназапа́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Назапасіць паступова ў вялікай колькасці.
паназіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., за кім-чым і без дап.
Пазіраць некаторы час. Паназіраць за хворай. □ Данік і Анатоль, косячы траву, павінны паназіраць за вартай, разведаць подступы. Шамякін. Павел пастаяў, паназіраў — усё ішло сваім парадкам. Гроднеў.
паназнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу і пад. усіх, многіх.
2. Устанавіць, вызначыць што‑н. усім, многім. Паназначаць пенсіі.
3. Абазначыць, памеціць якім‑н. чынам усё, многае. Вырашылі [юныя натуралісты] заўтра ж схадзіць у лес, падшукаць і паназначаць кусты для перасадкі. Дубоўка.
панайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Наняць, згадзіць многіх, многае.
панака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму і без дап.
Паказаць, паведаміць усім, многім. [Бацька:] — Дык мы ж твайго вяселля не гулялі, то дома параіліся ды сёння і згуляем.. Я ўжо там і гасцям панаказваў. Сабаленка.
панака́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго, чым і без дап.
Разм. Нака́паць у многіх месцах.
панакіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Накідаць многа чаго‑н. Адкінуўшы ботам лупіну, Міша вылаяўся: — От жа разява нейкая! Куды панакідала — проста пад ногі! Карпюк. Бакі .. [ямы] пааб’язджалі, абсунуліся; на дно, дзе блішчыць каламутная, зеленаватая лужына вады, дзеці панакідалі палак, драных чаравікаў, галёшаў... Сачанка.
2. што. Накінуць, уздзець адно за другім усё, многае.